Падзяліцца:
«Роздум. Хэлоўін – а што за свята?» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
2 лістапада 2017
«Роздум. Хэлоўін – а што за свята?» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) “Жудасная Хэлоўін-паці з нагоды старажытнага кельтскага свята; будзе весела і страшна” – абвесткамі такога кшталту поўніліся стужкі сеціва ўсе апошнія дні. Такім чынам, некаторыя нашы землякі рыхтаваліся адзначыць дзень, калі прынята надзяваць страшэнныя маскі і касцюмы, пераўтварацца ў розных перасанажаў з фільмаў жахаў, палохаць блізкіх і… весяліцца. “А што тут такога, некалі ж і падурэць можна!” – запярэчылі на мае, мякка кажучы, сумненні, дзве сучасныя маладыя кабеты, якіх да так званых нефармалаў я не стаў бы адносіць: абедзьве з вышэйшай адукацыяй, працуюць на сур’ёзных пасадах. Дык што ж гэта за свята, якое так бударажыць розумы нашых маладых сучаснікаў у апошнія гады? Вось як яго гісторыю падае энцыклапедыя: “Хэлоўін — свята, што мае карані ў традыцыях старажытных кельтаў, у Ірландыі і Шатландыі, гісторыя якога пачалася на землях сучаснай Вялікабрытаніі і паўночнай Францыі. Традыцыйна адзначаецца ў англамоўных краінах, хоць афіцыйным выходным або дзяржаўным святам не з'яўляецца. З канца ХХ стагоддзя цягам працэсу амерыканізацыі і глабалізацыі мода на атрыбутыку Хэлоўіна з'явілася таксама ў большасці неангламоўных краін Захаду, у краінах СНД і Усходняй Еўропы. Свята таксама нефармальна адзначаецца ў некаторых іншых краінах, якія маюць шчыльныя культурныя сувязі з ЗША ці Вялікабрытаніяй…” Мне ўжо не раз даводзілася гаварыць, як часам незаўважна і лёгка прыходзяць да нас чужыя, не ўласцівыя нашым землям і народам традыцыі. Усе гэтыя хадзячыя мерцвякі, труны, палаючыя вочы і насунутыя на галовы гарбузы проста перанесліся з фільмаў жахаў і ператварылі некаторых, хоць і на час, у бяздумных зомбі. Выконваючых нейкую невядомую таямнічую і антылюдскую задуму. Як напісаў у адной з газет кваліфікаваны псіхолаг, “дзіцячыя страхі, неўрозы, псіхічныя парушэнні, нематываваная агрэсія, начныя кашмары… – вось пабочныя эфекты Хэлоўіна”. Нават калі дапусціць, што доктар, магчыма, перабольшвае, пэўная аснова ў яго перасцярогах, безумоўна, ёсць. Магу засведчыць, што мой трохгадовы ўнук некалькі начэй прачынаўся ў страху, калі выпадкова ўбачыў падобныя маскі хэлоўіншчыкаў у тэлевізары. “А хіба не ў традыцях беларусаў пужаць, скажам, на калядныя святы, калі моладзь апранала кажухі футрам наверх і хадзіла па суседзях?” – можа запярэчыць мне нехта. Але ж і месца, і пасыл, і настрой калядных вечароў быў зусім іншы, і наўрад ці хто спалохаецца вясёлых калядоўшчыкаў, якія з прыпеўкамі і танцамі ходзяць па хатах. Дарэчы, у дні, калі хэлоўіншчыкі ладзяць свае фэсты, у Беларусі хрысціяне адзначаюць Дзяды, калі людзі ідуць на могілкі, памінаюць сваіх родных і блізкіх. Памятаю, як аднойчы вяртаўся машынай з камандзіроўкі ў Шаркоўшчынскі раён і бачыў уздоўж дарогі на процілеглым беразе ракі Дзісёнкі цэлы доўгі ланцуг агнёў. Гэта было святло ад памінальных свечак на вясковых могілках. Незабыўнае ўражанне пакінула гэтае відовішча. Так вось разуменне смерці ў нашых традыцыях і традыцыях Хэлоўіна вельмі адрозніваецца. І ператвараць гэта ў забаву – значыць нешта парушыць у свядомасці. Ды і, на жаль, сённяшнія фільмы жахаў, падобныя святы і ігрышчы пэўным чынам адбіваюцца на трагічных прыкладах ранніх суіцыдаў. Нельга не заўважыць, што Хэлоўін для многіх замежных, а цяпер і не толькі замежных кампаній, – прыбытковы бізнес. Да прыкладу, па адкрытых крыніцах, у ЗША на расходы на гэтае свята ідзе штогод да двух з паловай мільярдаў долараў. Мне ўжо даводзілася не раз сцвярджаць, што запабяганне перад чужым, занядбанне ўласных традыцый, гісторыі, культуры сваёй зямлі не робяць нас багацейшымі ці чым-небудзь адметнымі. Зрэшты, і Хэлоўін ніхто адзначаць ці святкаваць не забараняе, толькі вось падумаць і паразважаць над сутнасцю і адметнасцю гэтага свята на нашых землях не пашкодзіла б.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: