Любіць не толькі сябе.
З юнацтва хочацца выключнасці.
І верыцца, што і ў цябе
Выключнасць нейкая праклюнецца.
Нібыта зорка на ілбе…
Гэтыя радкі я напісаў даўно. Іх можна знайсці ў першай кнізе, і хоць з тае пары, як кажуць, вады працякло нямала, ды зноў яны прыходзяць напамяць у сувязі з нашай новай рэальнасцю.
Чым, як не імкненнем да гэтай “праклюнутай“ выключнасці можна растлумачыць учынкі многіх, часам, не толькі юных сучаснікаў. Балазе, сучасныя тэхнічныя дасягненні даюць безліч магчымасцяў гэтую сваю так званую выключнасць праявіць. І калі раней на плоце можна было напісаць нехарошае слова ці запіс кшталту “Васька – дурань”, то сёння ў інтэрнэце ёсць маса магчымасцяў зрабіць такое ўпаўне “цывілізаным метадам”. І можна множыць свае “фэ” на адрас вядомых людзей, распаўсюджваць плёткі і абразы.
А прычым тут выключнасць? – спытаецеся вы. А пры тым, што ў большасці падобныя аўтары такім чынам цешаць сваё самалюбства, мнімую выключнасць.
Так нараджаюцца часам так званыя флэшмобы, перфомансы, іншыя акцыі. Мне скажуць. што не трэба блытаць гэта з творчымі пошукамі і новымі формамі мастацтва, але часам цяжка зразумець, дзе заканчваецца мастацтва, а дзе буяе адкрытае хуліганства і хамства.
Рэзаць карціны, абліваць мачой фатаграфіі на выставах, калечыць помнікі і біць вокны або падпальваць машыны – гэта не толькі ад адчування беспакаранасці, але і ад уяўлення свайго права на выключнасць з правілаў супольнага жыцця.
Лозунг “Трэба любіць сябе”, які настойліва ўкараняецца і ў сродках масавай інфармацыі і ў прыватных размовах, акалыхаў некаторых адчуваннем, што можна без лішніх намаганняў параўноўваць сябе з самымі высокімі аўтарытэтамі, любавацца сабой любімымі і цешыць сябе недасяжна высокай самаацэнкай.
“Я на прыродзе”, “Я ў ваннай”, “Я п’ю”, “Я ем”, “Я…” І такімі фоткамі поўніцца інтэрнэт-прастора, і аўтарам абсалютна няўцям, што тое, як яны п’юць ці ядуць, нікому нецікава.
Нічога не маю супраць сэлфі і не адмаўляюся, калі нехта просіць сфатаграфацца разам. Але грымасы напаказ, высунутыя языкі на фоне гістарычных помнікаў, адкрытае любаванне сабой раздражняе.
Дарэчы, на днях прачытаў інфармацыю, што захапленне сэлфі і частая іх публікацыя ў сацыяльных сетках з’яўляюцца сімптомамі псіхічнага захворвання.
Пры вострай стадыі гэтага захворвання у чалавека з’яўляецца жаданне публікаваць зробленыя фатаграфіі ў сацыяльных сетках, а хранічная стадыя характарызуецца жаданнем публікаваць сэлфі не менш шасці разоў на дзень.
Псіхолагі лічаць, што ад гэтага захворвання пакутуюць няўпэўненыя сабой людзі, якія спрабуюць прыцягнуць да сваёй асобы ўвагу.
Прычым, на жаль, нярэдка такія аматары з’яўляюцца ахвярамі свайго захаплення ў самым прамым сэнсе гэтага слова. То там, то тут мы чытаем, як робячы сэлфі ў небяспечных месцах, людзі проста гінуць.
Аднак вернемся да імкнення быць выключнымі. Кожны чалавек выключны па-свойму. Але каб дабіцца сапраўднага прызнання людзі трацяць неймаверныя сілы на вучобу, самаўдасканальванне, авалоданне прафесійным майстэрствам. Выключна таленавітым і патрэбным грамадству можа быць не толькі музыкант або праграміст, а і слесар, вадзіцель, будаўнік…
Выключнасць гэтых людзей вызначаюць не яны самі, а грамадства, людзі вакол.
А інтэрнэт – зусім не благое вынаходства чалавецтва. Але, як і атамнай энергіяй, ім можна распарадзіцца па рознаму. Галоўнае, каб ён прыносіў карысць, а не шкоду…