
Цікавую і вельмі надзённую тэму падняў у сваім нядаўнім радыёблогу мой калега Максім Угляніца. Здаецца, нібыта не самая галоўная праблема, але ўсё ж пытанне, чаму мы сталі радзей чытаць кнігі, хвалюе не толькі аўтара блогу, але многіх тых, для каго чытанне заўсёды было не толькі асалодай, але штодзённай неабходнасцю.
Паколькі Максім звярнуўся непасрэдна да мяне з просьбай прадоўжыць гаворку, спашлюся на ўласны досвед.
Спачатку – успаміны дзяцінства… Мне восем гадоў. Я іду са школы. У партфелі – любімая кніга пра Васька Трубачова. Дома – бабуля і смачная тушаная бульба, якая прэлася, чакаючы мяне, у печы.
Вось распрануся, паем і пачну чытаць!
Дома ёсць этажэрка, куды я складваю бібліятэчныя кнігі, падручнікі і сшыткі.
Кнігі не залежваюцца на паліцы, бо ў бібліятэку я бегаю амаль кожны дзень. На мяне там, бывае, глядзяць дакорліва і не вераць, што я так хутка ўсё прачытаў. А я крыўджуся і кажу, што магу ўсё пераказаць, што было напісана…
Я думаю, што кнігі пішуць казачныя чараўнікі, якія жывуць у гарах ці на нябёсах…
Перад сном я прыдумваю ім новы працяг, я хачу, каб любімыя героі жылі вечна, каб я вырас і стаў такі, як яны…
Напэўна, многім з маіх равеснікаў і маладзейшым, як Максім, знаёмыя такія пачуцці.
Дык чаму ж сёння кніга для некаторых перастала быць асалодай і патрэбнасцю, чаму дзіцячыя захопленасці зарубцаваліся, нібыта старыя раны, і страцілі былую прывабнасць?
Згодны, што наш вірлівы час, перанасычаны праблемамі і мітуснёй, запалонены інфармацыйнымі атакамі інтэрнэту робіць сваю згубную для аматараў чытання справу, што агульныя арыенціры сённяшняга знаходжання ў соцыюме адсоўваюць такі занятак, як чытанне, ледзь не на апошняе месца…
Ды ўсё ж, як казаў у адным са сваіх вершаў паэт Аляксандр Твардоўскі “І ўсёж… І ўсёж...”
Нядаўна вычытаў у сучаснай украінскай пісьменніцы Галіны Пагуцяк такое вызначэнне: “Кнігі – гэта крокі лёсу. Кожная кніга – адзін крок. У лёсу няма “направа” і “налева”, толькі “прама” і “ўперад”. Да смерці. Можна параўнаць кнігі з дзецьмі, але дзеці не вызначаюць наша прадвызначэнне”.
Трапна сказана.
Калі адкінуць самае простае і звыклае “пачынаць з сябе”, то можна паразважаць над праблемай з рознага боку.
Па-першае, як ні парадаксальна прагучыць, кніжак у наш час выдаецца столькі, што цяжка прасачыць за вартасцю ўсёй гэтай літаратуры. Калі ўлічыць, што пры наяўнасці грошай, спонсарскай падтрымкі, пэўнай пратэкцыі стаць аўтарам томіка вершаў ці прозы досыць лёгка, то зойдзеш у кнігарню – вочы разбягаюцца ад імёнаў, назваў, вокладак. І ў гэтым моры патрэбен вопытны лоцман, каб вывеў на правільны шлях. А водгукі ў сацыяльных сетках, ды і на старонках пэўных выданняў часам такія кампліментарныя і па-дылетанцку катэгарычныя, што паглядзеўшы пару разоў, больш веры ў патрэбную табе вартасць не дасі.
Не заўсёды дапамогуць парадамі і тыя, хто называе сябе крытыкамі і даследчыкамі. Міжсабойчыкі, густаўшчына адбілі ў некаторых жаданне да глыбокага, узважанага патрабавальнага аналізу. І ад гэтага ўсяго падае густ і цікавасць да сапраўднай літаратуры.
Не лепшым чынам рэагуе на імкненне чытаць і наша прэса, аўдыёвізуальныя сродкі, ды і грамадская думка, бо сёння больш прэстыжна мець многае з модных аксэсураў часу, чым хатнюю, скажам, уласную харошую бібліятэку.
І яшчэ нямала фактараў, аб’ектыўных і суб’ектыўных.
Усё гэта разам не можа не адбівацца на жаданні чытаць, суперыжываць і думаць разам з любімым аўтарам.
І хоць агульнага рэцэпту, як вярнуць людзям асалоду чытання, я, безумоўна не ведаю, ды ўсё ж спадзяюся, што гэты, скажам так, не лепшы для сумоўя “чытач і кніга” час пройдзе, бо не можа чалавецтва існаваць без сапраўднай літаратуры, глыбокага і шчырага слова пісьменніка, роздуму і высокіх пачуццяў, высокай праўды і светлай надзеі.
І добра, што мой калега і таварыш паставіў перад сабой шчыра і адкрыта пытанне, якое яго хвалюе. І тым самым зрабіў крок. Крок да вяртання асалоды чытання. Дык шчасліва! Толькі прама і ўперад! Бо кнігі – гэта ж сапраўды крокі лёсу!..