Падзяліцца:
«Роздум. Любіць і памятаць...» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
19 красавіка 2018
«Роздум. Любіць і памятаць...» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Аднойчы, калі мяне спыталі, што б я пажадаў для сябе, які цуд зрабіў бы мяне шчаслівым, я, не доўга думаючы, адказаў: «Каб мама мая была жывая». І праз секунду дадаў: «І тата». Сёння яны ляжаць разам на полацкіх «чырвоных могілках», і кожны раз, прыязджаючы ў родны горад, я іду да іх магіл. Думаю, што падобнае пачуццё ўдзячнай памяці і гаркаты страты самых дарагіх людзей наведвала ў нядаўнюю Раданіцу тых, хто прыйшоў адведаць пайшоўшых у іншы свет родных, ставіў памінальныя свечкі, стаяў ля дарагіх магіл. Як часта мы шкадуем, што не паспелі ўсяго самага шчырага і цёплага сказаць пры жыцці бацькам, каб яны адчулі нашу ўдзячную любоў, каб парадаваліся, што іх дзеці, якім яны спявалі калыханкі, выраслі ў добрых людзей, якія перадаюць іх запавет сваім дзецям. Як часта пры нашых жыццёвых праблемах і клопатах нам не хапае іх мудрай парады, іх шчырай спагады і ласкі… Гэта тое, што робіць нас людзьмі. Але як можна назваць тых, хто замест цеплыні і ўдзячнасці нясе гора, а то і фізічны гвалт тым, хто іх пусціў у гэты свет, хто гадаваў і песціў у дзяцінстве? Чытаю на старонках прэсы паводле міліцэйскіх зводак. Імёны, прозвішчы і месца дзеяння апускаю: «адна з супрацоўніц мясцовага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі паведаміла ў міліцыю пра працяглую адсутнасць 40-гадовай калегі. Тая была ў адпачынку, але ёй некалькі дзён не маглі дазваніцца — тэлефон быў выключаны.» Неўзабаве высветлілася, што яе забілі. Галоўны падазраваны па справе — уласны 17-гадовы сын. «Падчас правядзення следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў сын зніклай жанчыны зрабіў заяву аб тым, што зрабіў забойства маці, нанёсшы ёй некалькі ўдараў па галаве самаробным мячом», — распавялі ў Следчым камітэце. Пасля гэтага ён паказаў месца, дзе схаваў у хмызняку цела — там і была выяўлена мёртвая жанчына. У РАУС з заявай звярнуўся 28-гадовы жыхар горада. Мужчына паведаміў, што ў сябе на лецішчы ён забіў 55-гадовага бацьку. Як паведамляе прэс-служба МУС, бацька пражываў разам з сынам. Абласны суд вынес прысуд заказчыку забойства ўласных бацькі і бабулі. Аналагічны прысуд быў вынесены таксама выканаўцу злачынства. У лістападзе мінулага года адбыўся пажар, пасля якога ў доме знайшлі трупы мужчыны і яго маці. Следства выявіла, што пажар не быў выпадковасцю — яго наўмысна наладзілі, каб схаваць забойства. Як сведчаць апублікаваныя статыстычныя дадзеныя, 8 працэнтаў пастаяльцаў дамоў састарэлых маюць працаздольных дзяцей, а кожнае дзясятае забойства ў краіне — з боку дарослага дзіцяці ў дачыненні да пажылых бацькі ці маці. Дарослыя дзеці, якія не працуюць, жывуць за кошт сваіх бацькоў і або настойлівасцю, або пагрозамі і сілай вымагаюць грошы ў старых. Як паведамляюць кампетэнтныя крыніцы, кожнае дзясятае забойства (ці кожнае трэцяе бытавое забойства), зарэгістраванае ў нашай краіне, — з боку дарослага дзіця ў дачыненні да пажылых бацькі ці маці. Я не стану больш пералічваць усё новыя выпадкі такіх страшэнных трагедый, якія папаўняюць гэты жудасны рахунак. Канечне, гаварыць пра тых, хто страціў тое, што вызначае само паняцце «чалавек», балюча і горка. Якія б ні былі стасункі і рознагалоссі паміж бацькамі і дзецьмі, але падняць руку на тых, хто даў табе жыццё, — што можа быць больш жахлівым?.. Не хацелася б заканчваць гаворку на тужлівай ноце. Мільёны нашых суайчыннікаў прыйшлі ў прыгожы веснавы дзень памінання блізкіх са светлымі і глыбокімі пачуццямі. Бо толькі тым жыве свет, толькі тым ён ратуецца – любіць і памятаць, верыць у працяг і несці ў душы спагаду і вернасць.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: