Падзяліцца:
«Роздум. Свой пачэсны пасад» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
21 чэрвеня 2018
«Роздум. Свой пачэсны пасад» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Вы заўважылі, сябры, які рэзананс у людзей з самых розных краін выклікаў чэмпіянат свету па футболе, які праходзіць у Расіі? Дзесяткі тысяч дарослых і дзяцей у майках з рэквізітамі сваіх нацыянальных зборных, з іншымі атрыбутамі і без калясяць па гарадах, дзе праходзяць матчы, спяваюць нацыянальныя гімны, гучна вітаюць любімых гульцоў, атрымліваюць моцныя ўражанні. І нават, калі радасць змяняецца засмучэннем ад няўдачы ўлюбёнцаў, у цэлым агульны настрой гасцей пазітыўны. Бо з’яўляецца шмат сяброў, спасцігаюцца нейкія яркія ўражанні ад знаёмства з людзьмі. Адным словам, атрымліваецца. Памятаеце славутае выказванне “О спорт, ты мир!”? І няхай не ўсё бывае так адназначна, але ў цэлым аснова пастулата засталася. Роўна праз год маштабнае міжнароднае спартыўнае свята прыйдзе і ў нашу сталіцу — адкрыюцца Другія Еўрапейскія гульні. “У вас ёсць вялікі вопыт”, – вось так тлумачылі дэлегаты Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў прычыну, па якой Другія Еўрапейскія гульні прапанавалі прыняць Беларусі. Гэты праект адносна новы для нашага кантынента, таму традыцыі яшчэ не паспелі скласціся – многае будзе аддадзена на водкуп арганізатарам. Напрыклад, колькасць відаў спорту. І нават іх выбар. Так, Мінск і наша краіна становіцца вядомым месцам на міжнароднай карце спаборніцтваў, і гэта прыемна. Бо акрамя чыста спартыўных падзей, гэта своеасаблівы агляд, знаёмства з выдатнасцямі нашага краю, цудоўнымі гасціннымі людзьмі, з беларускай кухняй і нацыянальнымі звычаямі. Гэта і новая інфрастуктура: стадыёны, спартыўныя пляцоўкі, гатэлі, гэта і падарожжы ў вольны час па музеях, славутых месцах, аграсядзібах. У час гульняў нам хочацца пазнаёміць ўдзельнікаў і гасцей з нашай слаўнай гісторыяй, культурай, паказаць свету сябе ў самым найлепшым выглядзе. І таму варта асвойваць усе сучасныя дасягнені ў галіне сервісу. Прынамсі, важна забяспечыць дастойнае безбар’ернае асяроддзе, стварыць роўныя ўмовы для людзей з рознымі фізічнымі адхіленнямі, прыцягнуць да абслугоўвання турыстаў валанцёраў. За год, што застаўся, шмат яшчэ трэба зрабіць, падключыць зацікаўленых, шырокую грамадскасць. Са свайго боку, наша міжнароднае радыё “Беларусь” сумесна з фондам «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 году» з першага красавіка гэтага году праводзіць конкурс творчых фотаработ («сэлфі») «MINSK2019: Маё прывітанне II Еўрапейскім гульням»! Для ўдзелу ў конкурсе неабходна зрабіць фотаздымак падчас заняткаў спортам або на фоне спартыўных аб'ектаў, размясціць на ім любым спосабам хэштэг #MINSK2019 і даслаць нам. Пераможцаў чакаюць бясплатныя білеты на галоўныя спаборніцтвы і спартыўная форма алімпійскай сборнай Беларусі ў падарунак. Мы ўжо атрымалі нямала цікавых здымкаў з Кітая, Індыі, Бангладэш, Германіі, ЗША, іншых краін. У конкурсе могуць удзельнічаць і грамадзяне Беларусі. Такім чынам, і мы дапамагаем у арганізацыі свята, якое павінна адбыцца ў нашай сталіцы. А значыць, адбудзецца адзін са складнікаў выканання славутага запавету нашага песняра Янкі Купалы “занімай, Беларусь, маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі”!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: