
У дзяцінстве я часта думаў: як гэта на самых розных мовах можна выказваць аднолькавыя пачуцці радасці і гора, гаварыць пра каханне і пяшчоту, маляваць карцінкі прыроды. Пазней, ужо ў школе, дакрануўся да іншых моў, але не перастаў здзіўляцца: як розныя народы, рознымі гукамі і словазлучэннямі выказваюць блізкія адчуванні і думкі.
Пра гэтае сваё пачуццё ізноў нагадалася мне, калі днямі ў Доме дружбы гучалі вершы кітайскіх паэтаў у перакладзе на кітайскую мову, мне самому давялося дакрануцца да гэтых пераўтварэнняў твораў класікаў і сучасных творцаў Ду Фу, Ай Ціна, Ван Гаджэня, Сюй Джы Мо, і не ведаючы мову арыгіналу, карыстаючыся падрадкоўнікам, чуючы гукі кітайскай мовы, здаецца, усё разумеў, адчуваў, і прымаў блізка душою, нібыта сваё.
Культура Кітая — адна з самых старажытных і самабытных ў свеце. Яна аказала вялікі ўплыў спачатку на развіццё культуры шматлікіх суседніх народаў, якія засялялі шырокія тэрыторыі найпозніх Манголіі, Тыбету, Індакітая, Карэі і Японіі.
У Кітаі, пачынаючы з VII стагоддзя, кожны, хто збіраўся стаць чыноўнікам, здаваў дзяржаўныя іспыты трох узроўняў, дзе трэба было прадэманстраваць веданне класічных тэкстаў і напісаць уласны верш. У вершатворчасці дапамагалі слоўнікі рыфмаў. Вершы танскай эпохі, якія захаваліся да нашага часу, складаюць безліч тамоў, гэта служыць яркім адлюстраваннем таго, якую вялізную значнасць мела літаратура ў тагачасным грамадстве.
Веданне класічных тэкстаў і сёння выклікае павагу і захапленне ў кітайцаў. Штогод у краіне выдаецца тры тысячы новых раманаў, а паводле звестак Інстытута Канфуцыя ў Санкт-Пецярбургу, сёння ў Кітаі налічваецца каля дзесяці мільёнаў пісьменнікаў. У кнігарнях заўсёды багата пакупнікоў, не менш актыўна кітайцы карыстаюцца і электроннымі гаджэтамі.
Але не толькі кітайкіх прыхільнікаў паэзіі захапляе свет майстроў мастацкага слова вялікага народа. Яшчэ ў 1956 годзе наш Класік Максім Танк запісаў у сваім дзённіку: «Чытаю вершы Ду Фу, перакладзеныя Гітовічам на рускую мову. Які высокі ўзровень гэтай паэзіі, якая праз тысячу год данесла да нас любоў паэта да свайго народа, да сваёй радзімы, жывое біццё яго сэрца».
У нашы дні Кітай і нават кітайская літаратура становяцца ўсё бліжэй да Беларусі. І нам ужо вядома не толькі класіка прыгожага пісьменства Паднябеснай, але і сучасныя проза і паэзія. Некалі, у 1950—1960-я гады, цэлая кагорта беларускіх пісьменнікаў спрычынілася да пераўвасаблення кітайскай літаратуры на мову Янкі Купалы: Васіль Вітка, Янка Брыль, Сяргей Дзяргай, пазней — Анэля Тулупава, Рыгор Барадулін, Валянціна Коўтун... Яшчэ пазней — Мікола Мятліцкі, Рагнед Малахоўскі. Усе яны карысталіся тэкстамі на рускай мове, зазіраючы ў кітайскі свет дзякуючы слынным перакладчыкам Басманаву, Гітовічу... Сёння на старонках беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыкі з'яўляюцца перакладчыкі, якія працуюць з арыгіналам. Найперш гэта Алена Раманоўская, Дар'я Нечыпарук, Кацярына Гардзей, Ганна Холева...
Выйшлі некалькі найменняў кніг з серыі “Светлыя знакі: паэты Кітая”, рыхтуюцца новыя. Сёння, калі Беларусь і Кітай будуюць свае адносіны на прынцыпах стратэгічнага партнёрства, калі нашы краіны звязваюць цесныя стасункі ў самых розных галінах, гэта вельмы важны ўнёсак у стратэгію нашага партнёрства і сяброўства.
Падчас вечарыны вядучы кітайскага тэлебачання, якое прыехала здымаць фільм пра Беларусь, прапанаваў нам з ім разам прачытаць адзін з вершаў Ду Фу - па-кітайску і па-беларуску. Ён чытаў адзін радок на мове арыгіналу, а я падхопліваў па - беларуску. І калі прагучалі словы: «Бо мне душа баліць болем Радзімы, сваю зямлю я так хачу любіць», я думаю, усе адчулі, што мы гаворым на адной мове – мове паэзіі, мове блізкіх сэрцаў.