Падзяліцца:
«Роздум. На братэрскіх дарогах». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
3 кастрычніка 2019
«Роздум. На братэрскіх дарогах». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Шчырай руплівіцай беларуска-украінскіх культурных стасункаў назваў падчас нядаўняй прэзентацыі творчасці паэтэсы і журналісткі з Палтавы Іны Снарскай пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім. Снарская пазнаёміла прысутных, якія сабраліся ў сталічнай кнігарні “Светач”, са сваім новым фільмам “Берагіня драгаманаўскага роду”, прысвечаным украінскай пісьменніцы, мецэнатцы, маці паэтэсы Лесі Украінкі Алене Пчолка. Постаць гэтай асветніцы, грамадскай дзеячкі шануецца ва Украіне. Дарэчы, яе дачку, класіка ўкраінскай літаратуры Лесю Украінку, звязвалі цесныя асабістыя стасункі з Беларуссю. Яна бывала ў Мінску, падтрымлівала сувязі з беларускімі сябрамі. Пра гэта быў другі фільм Іны Снарскай, які атрымаў прэстыжную літаратурна-мастацкую прэмію на радзіме паэтэсы. Іна Снарская нарадзілася і вырасла ў Полацку, закончыла Наваполацкі палітэхнічны інстытут, выступала з беларускімі вершамі на старонках перыядычнага друку. Пазней у мінскіх выдавецтвах выходзілі яе паэтычныя зборнікі. З канца васьмідзесятых гадоў Снарская жыве ва Украіне, але сувязі з радзімай не перарывае. Піша на беларускай і украінскай мовах, прапагандуе культуру нашых народаў. Увогуле, беларуска-украінскія літаратурныя сувязі маюць даўнюю традыцыю. ”Украіне, цвеце любы, сонцам гадаваны…”, – так звяртаўся наш класік Янка Купала да братэрскай зямлі. Менавіта Янка Купала ў свой час рэдагаваў зборнік вершаў Тараса Шаўчэнкі, які выдаваўся ў Беларусі. А “Новая зямля” Якуба Коласа была выдадзена ў перакладзе на ўкраінскую мову. Ёсць у Кіеве і вуліцы, названыя ў гонар беларускіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Па-украінску і па-беларуску чытачы маглі знаёміцца з паэзіяй Петруся Броўкі і Максіма Рыльскага, Максіма Танка і Міколы Нагнібяды, Аркадзя Куляшова і Барыса Алейніка і многіх іншых творцаў братніх літаратур. Працягваюцца гэтыя стасункі і сёння. Нядаўна ў беларускім літаратурна-мастацкім штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” была змешчана вялікая падборка перакладаў украінскай паэзіі на беларускую мову. Можна толькі парадавацца, што ў працяг багатых беларуска-украінскіх літаратурных сувязяў дадаюцца новыя факты дружбы, пабрацімства, якія ўзнікаюць дзякуючы руплівай творчай моладзі. Выдаецца альманах паэзіі маладых аўтараў – «Метро всередині нас». У гэты альманах патрапіла і падборка аўтара з Беларусі – Юліі Алейчанка. Сёлета беларускія выдаўцы былі ўдзельнікамі прадстаўнічага кніжнага кірмашу ва ўкраінскім Львове. На беларускім стэндзе было прадстаўлена больш за 300 найменняў кніг і друкаванай прадукцыі. Украінскія сябры ў першую чаргу цікавіліся кнігамі па гісторыі і культуры Беларусі, краязнаўчай і навучальнай літаратурай, а таксама з цікаўнасцю разглядалі кнігі ўкраінскіх аўтараў на беларускай мове нашых выдавецтваў, напрыклад, "На арэлях натхнення", вершы, а таксама дзіцячую кнігу "Як васількі на сваю крыўду забыліся" Аляксандра Карлюкевіча ў перакладзе на ўкраінскую мову. Вяртаючыся да згаданай вышэй прэзентацыі, хочацца працытаваць радкі з верша Іны Снарскай: Сівее нітка стомленых дарог. Мне дарагая кожная. Да сэрца Дарогаю нам дакрануўся Бог, Ля вогнішча прысеўшы, каб сагрэцца. Так і дарогі беларускіх і ўкраінскіх літаратараў вядуць да сяброўства і ўзаемаразумення.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: