
Ёсць у маім родным Полацку бібліятэка, якая асабіста для мяне цяпер мае нейкае вельмі важнае значэнне. У першую чаргу сваёй назвай, бо ёй не так даўно было прысвоена імя майго славутага земляка – пісьменніка Алеся Савіцкага.
Не ўяўляў, напэўна, тры гады назад Алесь Ануфрыевіч, калі мы былі з ім разам у родным горадзе, што я ў бібліятэцы яго імя буду атрымліваць літаратурную прэмію, заснаваную ў гонар пісьменніка.
Падзея гэтая адбылася адразу пасля рэспубліканскага Дня пісьменства і нібы працягвала гаворку пра нашу літаратуру, пра ролю і месца пісьменніка ў сучасным жыцці.
Я ў сваім далёкім дзяцінстве не мог нават уявіць, што буду называць Алеся Савіцкага сваім таварышам і паплечнікам. Як мне расказваў аднойчы Алесь Ануфрыевіч, першае сваё апавяданне ён апублікаваў у год, калі я нарадзіўся!..
Памятаю, калі мы ў чарговы раз прыязджалі ў наш родны Полацк, ён мне прапанаваў падняцца на Вал Івана Грознага. Па-маладому бадзёра ішоў наперадзе Алесь Ануфрыевіч, я ледзь паспяваў за ім. І вось мы каля звычайнай простай хаты, падобнай на іншыя.
- Тут мы некалі жылі, - з прыкметным хваляваннем сказаў славуты зямляк. – Тут у нас быў прыгожы сад, можа, нейкія дрэвы яшчэ захаваліся… Тут жыла з намі бабуля…
Шчыра кажучы, я ўпершыню бачыў Савіцкага такім расчуленым і ўсхваляваным. Перада мной стаяў сівы стары, такі просты, адкрыты, з вільготнымі ад успамінаў вачыма…
У біяграфіі гэтага чалавіка ўмясцілася столькі, што хапіла б і на некалькі лёсаў. Падлеткам уступіў у рады народных мсціўцаў, падрываў варожыя эшалоны, быў ранены ўжо салдатам пад Шаўляем, быў сярод тых, хто распісаўся ў 45-м на сценах Рэйхстага… Праз 55 гадоў яго знайшоў баявы салдацкі ордэн Славы.
І ў пасляваенным жыцці Савіцкі трымаў нябачны бой. Вучыўся ў Літінстытуце і адначасова заканчваў вячэрнюю школу, пісаў па начах раманы і аповесці, ездзіў у экспедыцыі, творчыя камандзіроўкі. Быў на высокіх пасадах, адкуль пайшоў на пісьменніцкі хлеб…
Сярод герояў яго твораў – юныя падпольшчыкі з Обалі, полацкія шклозаводцы, партызаны і простыя звычайныя мірныя людзі. Апошняя кніжка-споведзь “Пісьмо ў рай” прысвечана самаму дарагому для яго чалавеку – бацьку, і нельга без хвалявання чытаць радкі, прасякнутыя сынавай вернасцю і пашанай.
Такая ж сынава вернасць была ў Савіцкага да роднага горада. Яго апошнім жаданнем было развеяць яго прах над водамі Дзвіны. Мы з яго роднымі ў той журботны дзень стаялі ў сакральным полацкім месцы, дзе вірлівая Палата ўпадае ў вячыстую Дзвіну і глядзелі як плылі ў вечнасць кветкі, прынесеныя сюды ў яго памяць.
У Год малой радзімы, калі мы гаворым пра свае вытокі, пра любыя сэрцу куткі, мы ўзгадваем імёны сваіх славутых землякоў, верных паплечнікаў.
І абавязак сённяшніх пакаленняў – памятаць і ўшаноўваць памяць тых, хто сваім жыццём быў заўсёды верны роднаму краю, хто ўславіў яго сваёй сумленнай працай.
Таму дзякуй палачанам, што горад шануе памяць земляка, які сваім дастойным жыццём унёс сваё імя ў летапіс нашай любай старонкі.