Падзяліцца:
4 мая 2017
У Мінску ў гэтыя дні знаходзіцца дэлегацыя журналістаў з Кітая – прадстаўнікі каля 40 выданняў: журналісты электронных сродкаў масавай інфармацыі, работнікі інфармацыйных агенцтваў і друкаваных медыя. Праграма прэс-тура вельмі насычаная. Кітайская дэлегацыя наведае прадпрыемствы, арганізацыі, установы, пазнаёміцца з прадстаўнікамі розных прафесій, ветэранамі і моладдзю. Замежныя журналісты запрошаныя на XXI Міжнародную спецыялізаваную выставу "СМI ў Беларусі", якая праходзіць у гэтыя дні ў сталіцы. Дарэчы, спецыяльным госцем выставы сёлета з'яўляецца менавіта Кітайская Народная Рэспубліка. Для замежных гасцей падрыхтавана і культурная праграма. Журналісты з КНР наведаюць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета і замкавы комплекс "Мір". Таксама дэлегацыя адправіцца ў Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж", гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна", дзяржаўны мемарыяльны комплекс "Хатынь" і гарналыжны спартыўна-аздараўленчы комплекс "Лагойск". Трэба сказаць, што гэты візіт знакавы і важны для абодвух бакоў. Зазначу, што сучасныя сродкі масавай інфармацыі Кітая займаюць агромністую нішу ў інфармацыйным полі краіны. У Паднябеснай выдаецца звыш дзвюх тысяч найменняў газет, тыраж якіх складае каля ста мільёнаў экземпляраў. Вытворчасць тэлепраграм уключае ў сябе звыш трох тысяч станцый, цэнтральнае радыёвяшчанне ажыццяўляе трансляцыі дзевяці праграм уласнай вытворчасці з агульным аб’ёмам сутачнага вяшчання ў 200 гадзін, функцыянуе звыш 250 FM-радыёстанцый. Я назваў гэтыя гіганцкія лічбы, каб падкрэсліць, на якую аўдыторыю працуюць нашы госці і колькі людзей у дружалюбнай вялікай краіне атрымаюць інфармацыю пра нашу Беларусь. Свой уклад у нашы сяброўскія стасункі з Кітаем уносіць і наша міжнароднае Радыё Беларусь. З 2014 года да сямі моў вяшчання нашага радыё дадалася і кітайская. Двойчы на тыдзень мы расказваем нашым кітайскім слухачам пра розныя падзеі ў нашай краіне, пра тое, як жывуць жыхары нашых гарадоў і вёсак, пра сумесныя прадпрыемствы, на якіх працуюць беларускія і кітайскія грамадзяне, пра тое, як вучацца ў Беларусі кітайскія студэнты, пра цікавыя мерапрыемствы, прысвечаныя беларуска-кітайскай дружбе. З поспехам прайшоў конкурс эсэ “Вялікі шаўковы шлях і Індустрыяльны парк “Вялікі камень” маімі вачыма” , на які было прадстаўлена шэсцьдзесят работ, напісаных грамадзянамі Беларусі, Украіны, Польшчы, Кітая. Гэты конкурс мы праводзілі разам з пасольствам КНР у Беларусі. “Як маленькае зернейка рысу, апушчанае ў зямлю, спачатку прабіваецца на паверхню, затым пераўтвараецца ў зялёны ствол і ўрэшце становіцца спелым коласам” , - так ахарактарызаваў у сваім эсэ наша супрацоўніцтва і ўзаемаразуменне інжынер з Мінска Сяргей Сідэнка. У шматлікіх лістах на наша радыё слухачы з Кітая выказваюць свае адносіны і да нашых перадач. ”Я часта слухаю радыёстанцыі розных краін свету, - піша выкладчыца Сю Лонг, - мне і маім вучням цікава даведацца пра гісторыю і культуру вашай краіны. Калі ў мяне з'явіцца такая магчымасць, я буду рада наведаць Беларусь". Свае цёплыя словы адрасуюць нашаму радыё і беларускаму народу слухачы Лю Сю, Кевін Жао і іншыя. У кітайскай мове ёсць такі выраз: ”Чым больш ты паважаеш мяне, тым больш я паважаю цябе”. Я думаю, што цяперашні візіт журналістаў з Кітая стане яркім увасабленнем гэтай народнай мудрасці нашых сяброў...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: