
«Расчыніце насцеж вокны,
Адчыніце вашы дзверы, —
Хай загляну, хай пранікну
Ў вашы цесныя пакоі…»
Так па-беларуску гучаць радкі вядомага кітайскага паэта Ай Ціна ў перакладзе беларускага літаратара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Міколы Мятліцкага.
Сонца, світанак, паходня, родная зямля – такія галоўныя сілы жыццясцвярджальнай паэзіі Кітая, — вось асноўная думка выступоўцаў, сярод якіх быў і старшыня праўлення таварыства дружбы «Беларусь – Кітай» Анатоль Тозік, што прагучалі на прэзентацыі ў Доме дружбы зборніка вершаў кітайскіх паэтаў ў перакладзе на беларускую мову.
«Мне здаецца, я праходжу яшчэ адну школу творчага жыцця. Працуючы многія гады над пераўвасабленнем лепшых узораў кітайскай паэзіі на беларускую мову, я зрабіў для сябе нямала адкрыццяў», — сказаў падчас імпрэзы перакладчык.
Але самае галоўнае адкрыццё для нас — гэта тое, што настолькі багатая і яркая беларуская літаратурная мова, што на ёй так арганічна можна перадаць самабытнасць і непаўторнасць вялікай кітайскай паэзіі.
І перадаючы на роднай мове радкі аб любові да сваёй малой радзімы кітайскіх паэтаў, мы ўзгадваем пра свае родныя мясціны. Бо гэдак жа для кожнага з нас шапочуць хвалі роднай ракі, звініць спеў птушак, гамоняць вершаліны дрэў…
А заўтра ў музеі Максіма Багдановіча па-беларуску будуць гучаць радкі з японскіх, нямецкіх, англійскіх паэтаў.
Я наўмысна звярнуў увагу на перакладчыцкую дзейнасць беларускіх творцаў, бо ці ж не гэта яскравы доказ неацэннай каштоўнасці мовы народа, якая можа так натуральна ўпітваць моўныя перліны іншых народаў.
І ўсё ж самае галоўнае, што яднае творцаў, на якой мове яны б ні пісалі – гэта любоў да свайго роднага кутка, да месца, адкуль пайшлі ў свет.
Менавіта пра свой родны горад узгадваў я, стоячы на Вялікай Кітайскай сцяне, будучы ў сталіцы Паднябеснай, і ў прыгожых еўрапейскіх гарадах, куды заводзілі мяне падарожныя сцяжыны.
Менавіта такія імгненні нарадзілі ў душы радкі:
Так шмат цудоўных месцаў ёсць вакол.
Але чаму сваё шукаюць вочы?
Чаму ізноў прачнуся сярод ночы,
Убачыўшы світанне над Дзвіной?..
І цэркаўкі маленькай сілуэт,
І саду красавіцкага пялёсткі,
І Беларусі гарады і вёскі —
Адзіны назаўжды Айчыны свет.