
Стаяць на рэйдзе нашы брыганціны,
Стаяць, як караваны каравэлы;
І сотні вёрстаў, сто дарог прайсці нам,
Калі яны уздымуць крылы белыя.
Гэта радкі з песні Ігара Лучанка на вершы Валянціна Лукшы. Яе вельмі любілі ў маладым Наваполацку. І таму, што паэтычныя радкі належалі аднаму з першабудаўнікоў горада, і таму, што паэзія і рамантыка былі вернымі спадарожнікамі тых, хто прыехаў у далёкім 1958 годзе на правы бераг Дзвіны ў некалькіх кіламетрах ад старажытнага Полацка, каб будаваць завод і новы горад. Дарэчы, адна з кніжак таго ж Валянціна Лукшы так і называлася “Гарады будуюцца сёння”.
Цяпер скептыкі, магчыма, могуць паіранізаваць над тадышняй камсамольскай рамантыкай, але, пагадзіцеся, у тым, што на месцы балот і лясоў усяго за некалькі год паўстаў прыгожы сучасны горад, ёсць адчуванне рамантычнага цуду.
І таму паэзія, песня, заўсёды спадарожнічалі навапалачанам. Юнаму гораду і будоўлі прысвячалі свае радкі Рыгор Барадулін, Сяргей Грахоўскі, Генадзь Бураўкін…
Сярод будаўнікоў са славутай брыгады Пятра Блахіна, імя якога сёння носіць адна з вуліц горада, быў выпускнік полацкай школы Аляксандр Гугнін. Ён пісаў натхнёныя вершы, якія друкаваліся ў мясцовай шматтыражцы, услаўляў працу сваіх таварышаў.
Сёння Гугнін — шаноўны прафесар Полацкага ўніверсітэта, доктар філалагічных навук, ганаровы грамадзянін горада. Паэтычнае пяро і працу на будоўлі спалучалі Валерый Старынскі і Юрась Касцюк, а з мясцовага літаб’яднання “Крыніцы” выйшла звыш дзесятка вядомых у краіне літаратараў, сярод якіх сёння лаўрэаты шматлікіх літаратурных прэмій у нашай краіне і за мяжой.
Горад ад першых палатак будаўнікоў сябраваў з мастакамі. На шматлікіх выставах у нашай краіне і за мяжой дэманстраваліся работы Фелікса Гумена і Віктара Лук’янава, Уладзіміра Шапо і Георгія Станковіча…
Наваполацкія мастакі складалі касцяк Віцебскага абласнога аддзялення Саюза мастакоў.
У мастацкіх самадзейных калектывах спялілі свой талент знакаміты драматург Аляксей Дудараў і кінарэжысёр Віталь Дудзін. А танцорам з дзіцячага харэаграфічнага ансамбля “Камарыкі” дарылі гарачыя воплескі ў многіх краінах свету.
Так вось, здавалася б, у прамысловым горадзе, такое значнае месца займала і займае культура, з такой павагай і любоўю ставяцца да паэзіі, музыкі, выяўленчага мастацтва, народных традыцый.
Не ў кожным горадзе існуе такая цудоўная традыцыя, якую запачаткаваў вядомы спартсмен, грамадскі дзеяч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі, які праводзіць штогод конкурс сярод школьнікаў на лепшае чытанне вершаў беларускіх паэтаў. Сярод устаноў культуры горада найбольшай папулярнасцю карыстаюцца Гарадскі Палац культуры, Палац культуры вытворчага аб’яднання «Нафтан», Музей культуры і гісторыі горада.
Каля трыццаці самадзейных мастацкіх калектываў горада носяць высокае званне заслужаных і ўзорных.
Таму абсалютна лагічна, што ў год свайго юбілею, а сёлета Наваполацку спаўняецца шэсцьдзесят гадоў, горад аб’яўлены культурнай сталіцай Беларусі.
І яшчэ адзін характэрны штрых. У сацыяльных сетках прачытаў, што другога студзеня ў цэнтральнай бібліятэцы горада адбылося першае ў сёлетнім годзе пасяджэнне літаратурна-мастацкага аб’яднання “Крылы”.
Што ж, хай дужэюць крылы высокага і светлага мастацтва ў сёлетняй культурнай сталіцы Беларусі.