
“Беларусь-матуля
Да сябе нас туліш,
Нас сабраўшы, быццам
Васількі ў букет…”
Гэта радкі з верша паэта Станіслава Валодзькі, надрукаваныя ў свежым нумары штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. Станіслаў Валодзька жыве ў латвійскім горадзе Даўгаўпілсе. Але аматары беларускай літаратуры добра ведаюць гэта імя. Дэбютаваўшы ў 1983 годзе ў калектыўным зборніку паэзіі “Сцяжына”, што выйшаў у мінскім выдавецтве “Мастацкая літаратура”, паэт выдаў шэраг кніг на роднай беларускай мове ў Латвіі і Беларусі.
Сапраўдным сябрам Беларусі і далёкай Якуціі быў нядаўна пайшоўшы з жыцця пісьменнік Іван Ласкоў. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучыўся на хімічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Скончыў Літаратурны інстытут у Маскве, пераехаў на сталае жыхарства ў Якуцію. Працаваў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газеты «Молодежь Якутии», старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва, літаратурным рэдактарам часопіса «Полярная звезда».
Першы яго верш на беларускай мове «Сталь» надрукавала газета «Чырвоная змена» ў 1956 годзе. Іван Ласкоў – аўтар шматлікіх вершаў, паэм, апавяданняў, якія ўвайшлі ў зборнікі, і выходзілі ў Беларусі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», шэраг яго вершаў друкаваўся ў газетах і часопісах.
У здабыткі нашай літаратуры можна бясспрэчна занесці творы пісьменнікаў з польскага Беластоку Міры Лукшы, Яна Чыквіна, Сакрата Яновіча, масквіча Валерыя Казакова, Міколы Нікалаева з Санкт-Пецярбурга, і многіх іншых беларусаў, якія жывуць за межамі нашай краіны, але не парываюць сувязь з роднай мовай і культурай.
“Беларуская дыяспара – неад’емная частка беларускага народа. Яна шырока прадстаўлена па ўсім свеце і мае багаты гісторыка-культурны здабытак, які паўплываў на фарміраванне сусветнай культурнай спадчыны і культурнай спадчыны асобных краін, што з’яўляецца прадметам гонару Беларусі”. Гэтыя словы са зварота супрацоўнікаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры да суайчыннікаў з просьбай даслаць кнігі і матэрыялы, звязаныя з літаратурнай спадчынай беларусаў замежжа.
Па словах дырэктара музея Міхаіла Рыбакова, ва ўстанове плануюць стварыць музейную экспазіцыю, прысвечаную творам літаратараў-суайчыннікаў. Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Беларускага таварыства па сувязях з суйчыннікамі за мяжой “Радзіма”. Дарэчы, супрацоўнікі таварыства перадалі музею каля дзвюх тысяч адзінак кніг беларускіх і рускіх пісьменнікаў, вучэбную, даведачную і гістарычную літаратуру. Большасць складаюць кнігі беларусаў замежжа.
Зусім нядаўна музей атрымаў пасылку з Эстоніі з Цэнтра нацыянальных меншасцяў гэтай краіны. У музей паступілі кнігі аўтараў-беларусаў.
Акцыя “Збіраем гісторыю беларускай літаратуры разам” працягваецца. Да яе нядаўна далучыліся творчыя саюзы.
Так, творчасць нашых суайчыннікаў – наш агульны здабытак. І дзе б ні жыў прадстаўнік беларускай культуры, яго неацэнны ўнёсак у нацыянальную спадчыну належыць усім нам, і ў першую чаргу грамадзянам нашай краіны, служыць выхаванню пачуцця патрыятызму і гонару за свой народ.