
Апошні месяц лета…Хоць яшчэ ярка свеціць сонца і пляжы поўняцца людзьмі , але малечу бацькі , якія ўжо бралі яе з сабой у адпачынак, вяртаюць у дзіцячыя садкі, а старэйшых дзетак рыхтуюць да школы.
Чым запомняцца летнія дзянёчкі юным пакаленням , якія ўрокі суадносін са светам і людзьмі вынеслі яны за час адпачынку , пакажа далейшае жыццё ў сям’і і грамадстве.
Выхавальніцы дзіцячага сада , пра гэта я прачытаў у адным з допісаў у інтэрнэце , заўважаюць , што іх гадаванцы за абедам сталі чокацца адзін з адным шклянкамі з кісялём , нібы дарослыя ў рэстаране , перасыпаць сваю мову слоўцамі, дзе моднае цяпер “ блін “, бадай , самае бяскрыўднае.
Гэта адзін з вынікаў таго , як дзеці праводзілі час разам з бацькамі , якія , у сваю чаргу , ладзілі адпачынак са сваімі равеснікамі , не надта клапоцячыся , што іх лад жыцця пераймаюць іх дзеткі , пакуль што ў гульнях.
“Давай закурым !”, -гаворыць мне малы ля пад’езда, трымаючы ў руках адламаную галінку , якой ён імітуе цыгарэту.Непадалёк стаіць бабуля.
“Не куру”, -адказваю , - і табе не раю!”
“ А я буду!” , -- упарта адказвае пяцігадовы ці шасцігадовы хлопчык,- “усе бандыты кураць!”
“ А ты хочаш быць бандытам?”
“Так! Яны вясёлыя і спрытныя”
Можна, канечне , пасмяяцца , але ўжо тое ,як малы гаворыць з дарослым , хоць і знаёмым дзядзькам , робіць эпізод, як на мой погляд, не надта і смешным .Значыць глядзіць з бабуляй серыялы пра бандыдатаў, ды бачыць . як не старая яшчэ кабета самчна зацягваецца цыгарэтай , ніколькі не хаваючыся ад малога.
Відаць , што такое добра і што такое дрэнна , пра што ёсць у кніжачцы Маякоўскага , у сям’і не чыталі.
Увогуле , сёння выхаванне дзяцей бацькі перакідваюць дзіцячаму саду і школе, а тыя адпасоўваюць гэта бацькам.
І дзіця часам не ведае , што трэба сказаць” не хачу вады “ , а “калі ласка , дайце мне вады “, што ёсць слова “дзякуй” , што свае цацкі трэба прыбіраць а не раскідваць па пакоях , што крычаць і лямантаваць у трамваі, дзе шмат людзей, сорамна …
Узнікае пытанне: чаму некаторыя бацькі з усіх сіл стараюцца, каб апрануць дзіця ў модныя шмоткі , накупіць яму безліч дарагіх цацак і прылад, аддаць у элітныя гурткі і секцыі, але ўхіляюцца ад таго , каб прывіць дзецям асновы акуратнасці , ветлівасці, адказнасці, павагі да тых , хто побач.
Дзеці вельмі чуйна рэагуюць на тое , што бачаць дома , у сваёй сям’і. І калі тата з мамай сварацца , калі груба адказваюць бабулі , нахабна паводзяць сябе ў транспарце ці краме , гэта , паверце , стане нормай паводзін для дзіцяці.
Нават калі яму будуць гаварыць правільныя словы пра нормы паводзін у садку ці школе , ці нават спецыяліст-псіхолаг, вярнуўшыся да дому , ён забудзецца на ўсе гэтыя ўрокі, калі ўбачыць абстаноўку ва ўласнай сям’і.
Дзевяностыя гады мінулага стагоддзя з іх хаосам , ломкай усіх ранейшых паняццяў і норм маралі адбіліся не лепшым чынам на сённяшніх бацьках і адпаведна на іх дзетках.
Яны ўмеюць чытаць у пяць гадоў , свабодна абыходзяцца са смартфонам і камп’ютэрам , але не могуць ці не ўмеюць папрасіць прабачэня за грубасць , агрэсію да равеснікаў і старэйшых.
А ці часта некаторыя бацькі цікавяцца ,чым па-сапраўднаму захоплены іх дзеці ,як праяўляецца ў іх інтарэс да нейкіх з’яў, ці паказваюць прыклад , як трэба змястоўна і карысна праводзіць вольны час , рабіць ранішнюю зарадку і г.д.
Мы ў многім паўтараем сваіх бацькоў , а нас паўтараюць нашы дзеці і ўнукі. Добра толькі , каб паўтаралі нашы лепшыя якасці