Падзяліцца:
«Роздум. Не абмяжоўваючыся пералікам». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
8 лютага 2018
«Роздум. Не абмяжоўваючыся пералікам». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Так супала, што калі на выніковай калегіі Міністэрства культуры падводзілі вынікі работы ў гэтай сферы за мінулы год і вызначалі планы на будучае, я быў у Наваполацку, які сёлета прэзентуецца, як культурная сталіца Беларусі. Быў, каб удзельнічаць у адным з першых мерапрыемстваў, якім распачалі навапалачане гэты год. І ладзіла яго цэнтральная бібліятэка разам з літаратурна-мастацкім аб’яднаннем “Крылы”. Скажу адразу, што літаратурныя і творчыя традыцыі ў маладым горадзе вельмі цікавыя: нашай культуры навапалачане далі нямала цікавых пісьменнікаў, мастакоў, тэатральных дзеячаў. І хоць многія з іх не жывуць сёння ў родным горадзе, але трывалыя стасункі з землякамі падтрымліваюць. Пра гэта мы гаварылі з мэрам горада Дзмітрыем Дзямідавым. Прыемна, што нягледзячы на безліч важных спраў, якіх вельмі багата ў гэтым прамысловым цэнтры (дарэчы, доля валавага ўнутранага прадукта ад дзейнасці наваполацкіх прадпрыемстваў складае больш як 55% ад ВУП усёй Віцебскай вобласці), Дзмітрый Уладзіміравіч знаходзіць час і для знаёмства з навінкамі літаратуры, новымі работамі мастакоў, бывае на канцэртах калектываў мастацкай самадзейнасці. І яшчэ адна характэрная дэталь: кіраўнік горада выдатны суразмоўца, добра знаёмы з беларускай літаратурай, якой захапляецца яўчэ са школьных гадоў. Што тычыцца ўласна аб’яднання “Крылы”, то яго душой, рухавіком і натхняльнікам з’яўляецца бібліятэчны работнік Галіна Сташкевіч. Энтузіязму гэтай жанчыны можна пазайздросціць. Толькі ў гэтым месяцы крылаўцы запланавалі цікавыя сустрэчы з вядомымі сталічнымі літаратарамі, імпрэзы, прысвечаныя творчасці Уладзіміра Высоцкага, пушкінскія вечары паэзіі. Цікава, што ў горадзе сур’ёзна ставяцца да міжнародных стасункаў у галіне культуры. Пра важнасць такіх кантактаў ґаварылася і на прайшоўшай калегіі ў Мінску, менавіта пра неабходнасць шукаць новыя формы прасоўвання культуры ў свеце. Вялікая нарада адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Дапаможнікамі ў прасоўванні нацыянальных праектаў павінны стаць інфармацыйныя тэхналогіі, дзе асаблівая ўвага надаецца жывым сайтам з перакладамі на іншыя мовы, а таксама інтэрнэт-платформам у сацыяльных сетках. І тут ёсць магчымасць знайсці цікавае супрацоўніцтва мясцовых уладаў з нашым міжнародным радыё, пра што мы таксама гаварылі з мэрам сёлетняй культурнай сталіцы. Але культура ўключае ў сябе таксама шмат розных аспектаў. Гэта і добраўпарадкаванне вуліц і дамоў, і эстэтыка гарадскіх тэрыторый, і гаспадарлівыя адносіны саміх гараджан да свайго жытла, двароў і паркавых тэрыторый. І тут малады горад падае станоўчы прыклад свайму старэйшаму суседу Полацку. На жаль, у нашым слаўным гістарычным цэнтры, гэтая праблема яшчэ відаць няўзброеным вокам. І дзясяткі турыстаў, якія штодня наведваюць выдатнасці старажытнага горада, заўважаюць і нерашчышчаныя ад снегу і лёду падыходы і тратуары, і слізкія вулічныя пакрыцці, і не вельмі акуратныя дваравыя аўдыторыі. Гэта даволі непрыемна кантрастуе з высокім духоўным уздымам, які выклікаюць славутасці слыннага горада. Зрэшты, культура не абмяжоўваецца толькі пералікам мерапрыемсваў, памятнымі датамі і ўрачыстасцямі. Гэта глыбінны і штодзённы працэс, гэта псіхалогія і самадчуванне людзей гэта традыцыйная мараль і гістарычная памяць. А знакавыя падзеі і ўрачыстыя святы дапамагаюць больш пільна і ўважліва паглядзець на гэты працэс.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: