
Знайшоў у інтэрнэце думкі аднаго святара з Грэцыі пра пераходны ўзрост. Ішла гаворка пра выхаванне дзяцей і пра тое, што бацькі часта самі перажываюць так званы пераходны ўзрост, калі не ў стане зразумець, што іх дзеці становяцца дарослымі і ім не трэба навязваць сваю дробязную апеку, як гэта было ў іх шасцігадовым або сямігадовым узросце.
Сама па сабе думка цікавая, і яе можна падтрымаць, але мне хацелася б пашырыць развагі пра ўзрост, тым больш, што з праблемамі гэтага кшталту мы сустракаемся штодня.
Праблема ў тым, што для большасці з нас гэта відавочнае супрацьстаўленне адносін да розных жыццёвых з’яў, прыняцця самастойных рашэнняў і іншых жыццёвых калізій.
Да прыкладу, дзеці думаюць, што дарослыя не разумеюць іх свет. Бацькі, настаўнікі і выхавацелі наадварот лічаць, што без іх апекі дзіця не можа самастойна існаваць. Маладыя раздражняюцца, што прадстаўнікі старэйшага пакалення навязваюць ім свае правілы жыцця, іранізуюць з іх няўмення авалодваць сучаснымі мабільнымі прыстасаваннямі, камп’ютэрамі і гаджэтамі. Старэйшыя злуюцца на легкадумнасць маладых, на сучасную моду. І гэтак далей, гэтак далей…
Мы часта гаворым, што людзі вучацца на чужых памылках. На самой справе, хутчэй не так. Прызнаць уласныя памылкі вельмі складана і цяжка, але толькі яны (калі іх, безумоўна, прызнаеш) – шлях да выпраўлення сітуацыі, да самаўдасканалення.
«Нельга паліць!», – кажа маці сямнаццацігадовай дачушцы, якая бачыць штодня, як тая ў размовах з сяброўкамі за сталом ці на вуліцы салодка зацягваецца дымам з доўгай прыгожай цыгарэткі.
«Ты зноў піва піў?», – сурова пытаецца бацька ў сына, хаця сам толькі ўчора прыходзіў дадому на яўным падпітку.
«Не паўтарайце нашых памылак!», – гавораць часта ў такім разе. Хутчэй за ўсё паўтораць, і ад гэтага нікуды не дзецца.
Такія нестыкоўкі і непрыняцці думак, звычак і поглядаў прадстаўнікоў розных узроставых груп ідуць, на мой погляд, ад нежадання ўбачыць адін у адным асобу, зразумець і пастарацца знайсці прымальную для ўсіх пазіцыю.
Нездарма ж існуе крылаты выраз пра тое, што «каб маладосць умела ды каб старасць змагла!»…
У кожнага ўзроста ёсць свая перавага. Нават у самых маленькіх! Мастакі, да прыкладу, кажуць, што каб у дарослых творцаў захаваўся дзіцячы погляд на свет, яны б спрэс стваралі геніяльныя палотны.
А мудрасць пажылых людзей? Часам у сталым узросце прыходзіць такое яснае, такое глыбокае разуменне быцця і з’яў, што хочацца, каб «аксакалы» падзяліліся з намі сваім гэтым разуменнем.
А ў сваю чаргу не грэх і ім павучыца хуткасці рэакцыі, мабільнасці і аптымізму маладых.
Дык напрошваецца тады ў мяне думка, што як упрыродзе ўранаважана халоднае і цёплае, суровае і пяшчотнае, сумнае і вясёлае, так і з узростам – усяму свой час. Галоўнае – не блытаць і не старацца падлажваць усё толькі на свой уласны капыл.