Падзяліцца:
25 мая 2017
Калі б яшчэ пару дзясяткаў гадоў таму мне б распавялі, што ў адкрытым доступе для мільёнаў людзей будзе размяшчацца набраным тэкстам нецэнзурная лаянка, знявагі, неспраўджаныя і правакацыйныя навіны, нялюдскія пачварныя ідэі, брудныя плёткі, я б, напэўна, не паверыў. Але сёння гэта, на жаль, рэальнасць. У так званыя сацыяльныя сеткі мутным патокам штодня плыве такое, што ў нармальнага чалавека часам проста не ўкладваецца ў галаве. Мне зараз не хочацца называць адну вядомую асобу, каб не траўміраваць лішні раз, пра смерць якой гудзеў інтэрнэт, а яна пра гэта даведалася з тых жа самых сетак. “Доўга жыць будзеце“, - супакойваў жанчыну ў нэце добразычлівец, у чарговы раз перад гэтым растыражыраваўшы фэйкавую навіну. А аўтар скандальнай і прыдуманай весткі задаволена паціраў рукі, бо не першы раз такім чынам выклікаў ажыятаж і ўвагу да ўласнай персоны. Гэта стала для яго своеасаблівым спортам. Ён такім чынам ужо запускаў ілжывыя паведамленні пра нібыта смерць вядомых палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, літаратараў. Прычым рабілася гэта часам ад імя таксама вядомых асоб, у тым ліку займаючых адказныя пасады ў розных дзяржавах. Цяпер гэта называецца пранкерствам. Хуліганы, інакш іх назваць цяжка, ад імя вядомых асоб дазвоньваюцца да розных міжнародных дзеячаў, а потым публікуюць змест сваіх размоў. І гэта далёка не сяброўскі розыгрыш, а самая натуральная правакацыя. Сёння інтэрнэт можа, а часам і на самой справе, правакуе беспарадкі і гвалт, розныя злачынствы. І змагацца з гэтым няпроста. Асабліва небяспечны ён для маладых людзей, для асоб з неўраўнаважанай псіхікай, увогуле для тых, хто гатовы ўсур’ёз успрымаць кожную падобную пісаніну. Яшчэ на адну акалічнасць хачу звярнуць увагу. Так званая глабалізацыя спрабуе нівеліраваць адметнасці розных народаў, асоб, груп, нават душ людскіх. Навязваецца агульны цынічна-прагматычны погляд на каханне, сяброўства, вернасць, іншыя базавыя каштоўнасці . Пра гэта мне нагадала цытата аднаго з удзельнікаў нядаўняй канферэнцыі “Дваццаць пяць гадоў знешняй палітыкі Беларусі“, якая прайшла ў Мінску. Ён сказаў: ”Нас па-ранейшаму імкнуцца ляпіць па сваіх мерках, свайму падабенству. Што ніякім чынам не адпавядае менталітэту, традыцыям і хрысціянскім каштоўнасцям беларускага народа. З намі з самога старта гавораць з пазіцыі перавагі”. Сапраўды так, і інтэрнэт тут адыгрывае не апошнюю ролю. Уводзіцца пастамі ў сеціве ў разрад калі не дадатных, дык цалкам звычайных з’яў тое, што ў нас заўсёды выклікала агіду і неразуменне. Навязваюцца новыя героі, святы, нязвыклыя звычкі і традыцыі, высмейваецца ўсё светлае і святое для людзей старэйшага пакалення. На жаль, і журналісцкая прафесія для некаторых яе прадстаўнікоў перастае быць узорам аб’ектыўнасці і павагі да людзей. Сёння так або інакш кожны з нас становіцца не толькі назіральнікам, але і ўдзельнікам гэтага працэсу. Таму давайце будзем абачлівымі і асцярожнымі з небяспечнымі сеткамі. Не будзем тыражыраваць лухту і брыдоту, прывыкнем правяраць інфармацыю ў надзейных крыніцах, звяртацца ў думках і справах да ўласных традыцый, не прымаць адразу на веру спакуслівыя закіды розных чужых дабрадзеяў. Праўда, дабрыня і сумленнасць, павага да ўласнай гісторыі і культуры – надзейная заслона рознай пошасці і брыдоце.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: