Як ні кажыце, сябры, а лета ўсё ж такі лета - і хоць дажджоў сёлета нам хапіла з лішкам, але выдаюцца і сонечныя гарачыя дзянькі, і тады на вуліцах і праспектах нашых гарадоў з’яўляецца размаіты пёстры натоўп у лёгкай летняй вопратцы, у майках і шортах самага разнастайнага кшталту і колераў.
Па амаль абавязковых малюнках і надпісах на летніх футболках можна прасачыць усю геаграфію планеты – Лос-Анжэлес і Маямі, Мілан і Капенгаген, Парыж і Лондан…
А сцягі – і амерыканскі, і англійскі, і партугальскі…
Ёсць яшчэ надпісы. У большай пераважнасці таксама “не па-нашаму”. Дарэчы, невядома, ці разумеюць уладальнікі гэтых модных шмотак, што красуецца на іх грудзях? Вось, да прыкладу, ідзе прыгожая маладая кабета, і нават не пазірае на сустрэчных. Але ці ведае яна, што на яе класнай, купленай у модным буціку майцы надпіс на англійскай мове перакладаецца: “ Чаго ж ты марудзіш?”
Або салідных памераў дама важна нясе на грудзях літары “Я ўжо гатовая!”.
А вось двое маладых людзей вядуць паміж сабой цікавую размову. А на майцы аднаго з іх напісана “Я гутару з прыдуркам“ - і ўказальнік у адпаведны бок.
І зусім ужо, як кажуць, прыкольна: на майцы пажылога мужчыны надпіс у перакладзе “Шалёны, але лянівы”.
Вядома, гэтага ўсяго большасць не заўважае, бо напісана ж “па-замежнаму”. А вось сапраўдны замежнік вельмі пазабавіўся бы, чытаючы нешта падобнае. Асабліва, калі ”замежнымі” літарамі напісана проста абракадабра. Бо веданне моў не дазволіла тым, хто гэта рабіў, задумацца не толькі над сэнсам, але і над тым, ці існуюць увогуле ў якой-небудзь мове такія словы і выразы.
Гэтую традыцыю пазабягаць перад усім тым , што “не па-нашаму”, высмейваў яшчэ Грыбаедаў у сваім бессмяротным творы “Гора ад розуму”. Памятаеце яго "Воскреснем ли когда от чужевластья мод?” І хоць гэта было сказана ў іншую эпоху і адрасавана народу таго часу, актуальнасць, як усяго геніяльнага, прысутнічае і для нас сённяшніх.
Цікава, ці можна сабе ўявіць людзей на парыжскіх вуліцах з надпісамі на кірыліцы кшталту “Пухавічы” ці, скажам,“Бешанковічы”? Не, я не хачу ні ў якай меры прынізіць ці пасмяяцца з нашых цудоўных гарадоў, але каб падобныя надпісы ўбачыў у замежжы на замежных грамадзянах, быў бы несказана здзіўлены.
Чаму ж мы так ганарымся чужымі геаграфічнымі назвамі і сцягамі?
Вось гэтае імкненне “абы не па-нашаму“ мы бачым у назвах нашых кафэ і рэстаранаў, буцікоў і забаўляльных цэнтраў. А сучасныя мясцовыя музычныя гурты –“Litesound” ці “The Toobes“, або “Mustelide” — што азначае гэтае слова, мае калегі,прафесійныя перакладчыкі,так і не расшыфравалі.
Нядаўна вычытаў у інтэрнэце цікавае выказванне педагога народнай арт-студыі “Востраў“ Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Юрыя Іванова:
“Культура з'яўляецца наймагутнейшым фактарам эканамічнага развіцця. Сёння нас акружае прадметнае асяроддзе, створанае заходняй цывілізацыяй, і мы можам і далей стаяць у чарзе па чужыя дасягненні, плаціць за чужы дызайн…”
Дык як спалучыць сучасную і традыцыйную культуры, як не згубіць нацыянальнай індэнтычнасці, і праз самыя простыя рэчы выхаваць у сябе пачуццё патрыятызму – пра гэта паразважаем і ў наступны раз.