
Здавалася б, выпадак, пра які хачу распавесці, не прыцягнуў бы ў мяне такой увагі, каб не выклікаў безліч асацыяцый з нечым падобным, што сустракаю амаль штодня.
Выходзіў з кватэры, замыкаючы дзверы ключам, а міма прабягала маладая, прыгожа апранутая жанчына. Па ўсяму відаць, суседка, хоць і не павіталася. Ды зрэшты, гэта ўжо не дзіва, бо апошнім часам людзі, якія жывуць побач на адным паверсе, не заўсёды абцяжарваюць сябе нават простым кіўком галавы.
Бразнулі ўваходныя дзверы, і пад цокат абцасаў, якія імкліва ўдаляліся, я ўбачыў кінуты ёй на ганку пакет смецця.
Відаць, дужа спяшалася кабета, калі не данесла да сметніцы той зласчасны араматны пакет, які так і застаўся ляжаць ля пад’езда.
На жаль такія выпадкі не адзінкавыя.
Скажыце, ці не бачылі вы, як на толькі што пафарбаваных сценах пасля капітальнага рамонту ці ўвогуле ў толькі што заселеных дамах з’яўляюцца надпісы, малюнкі, выцапараныя проста, як кажуць, па-жывому?
А ў ліфтах – выдраныя кнопкі, кінутыя агрызкі, і зноў жа – “наскальны жывапіс”!..
І робіць гэта не хто-небудзь, а свае, суседзі, якія жывуць у гэтым жа пад’ездзе.
Памятаю, як захапляўся я, будучы ў Пекіне, трэнажорамі ў парках кітайскай сталіцы.
Туды, каб размяцца, атрымаць зарад бадзёрасці, прыходзяць людзі розных узростаў. Прыемна было глядзець, як займаюцца фізкультурай і сівыя ветэраны, і зусім юныя пекінцы.
Нарэшце падобныя трэнажоры з’явіліся і парку каля нашага дому...
Угадалі? Правільна, пасля некалькіх тыдняў давялося некаторыя ставіць на рамонт.
Як так хутка ўхітрыліся зламаць трывалыя металічныя канструкцыі, застаецца толькі раздумваць.
“Дзеці”, — скажаце вы. Дык гэта ж не чые-небудзь іншыя дзеці, а нашы. І прыходзілі яны сюды з бабулямі і маці, з іншымі дарослымі. І не палічылі тыя патрэбным растлумачыць, што трэба беражліва і з павагай ставіцца да ўсяго, што зроблена людскімі рукамі.
Часам мы наракаем на працу дворнікаў. А паглядзіце, колькі мы ім пакідаем бруду і смецця, колькі ім даводзіцца сустракаццца штодня з нашай неахайнасцю і хамскімі адносінамі да прыроды, уласных двароў.
Вялікае пачынаецца з малога. Сёлетні год яб’яўлены годам малой радзімы. І гэта не толькі заклік да настальгічных успамінаў, — гэта ўвага да канкрэтнага клопату пра мілыя сэрцу куткі Бацькаўшчыны.
У тым ліку да стану дарог і вуліц, добраўпарадкаванню нашых паселішчаў.
Гэта і задача да мясцовых уладаў і да кожнага з нас.
Сёння ў сацыяльных сетках мы любім ставіць глабальныя пытанні, разважаць пра сусветныя праблемы, пра складаныя міжасабовыя адносіны.
А вось звярнуць увагу на самае звычайнае, што павінна выхоўвацца з першых гадоў жыцця – уменне жыць у соцыюме, захоўваць элементарныя правілы чалавечых паводзін — часу, бывае, не хапае.
А шкада.