Падзяліцца:
“Роздум. Па слядах Скарыны”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
16 лістапада 2017
“Роздум. Па слядах Скарыны”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Своеасаблівым водгуллем святкавання пяцьсотгоддзя беларускага кнігадрукавання стала падзея, якая адбылася ўчора ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі – я маю на ўвазе прэзентацыю перакладу святога пісання Новага запавету на сучасную беларускую мову. Як засведчылі яе ўдзельнікі, каб гэта доўгачаканая падзея здзейснілася, спатрэбілася 25 гадоў карпатлівай працы. Зрабіла пераклад Біблейская камісія Беларускай Праваслаўнай Царквы. У яе склад увайшлі прафесар Мінскай духоўнай акадэміі і семінарыі протаіерэй Сергій Гардун, кандыдат багаслоўя протаіерэй Аляксандр Пачопка, бакалаўр багаслоўя Іван Чарота, доктар філалагічных навук Уладзімір Васілевіч, кандыдат філалагічных навук Алесь Кароль і кандыдат багаслоўя Таццяна Матрунчык. Прысутныя адзначылі, што пераклад захоўвае традыцыі нашага першадрукара, які ўпершыню пераклаў Біблію на беларускую мову. Ён, як сведчаць спецыялісты, “абеларусіў царкоўнаславянскую мову настолькі, наколькі ён лічыў гэта патрэбным, каб тэкст быў больш зразумелы”. Першая прэзентацыя выдання прайшла ў Полацку, дзе нарадзіўся Францыск Скарына, і менавіта ў 2017 годзе – праз 500 гадоў як Францыск Скарына надрукаваў першую беларускую кнігу – “Псалтыр” (1517 г). Сімвалічна, што 500 гадоў таму, у 1517 годзе, Скарына выдаў “Псалтыр”, а ў 1525 годзе – “Апостал” (Новы Запавет). Стваральнікі перакладу ж пачалі з Новага Запавету, але запэўнілі, што да 2025 года будзе выдадзены і Псалтыр Так вось у сугучнасці са Скарынам біблейская камісія робіць беларускамоўнымі высокія скрыжалі вечных пісьмёнаў. Яе члены падкрэслілі: “Да сённяшняга дня ні адзін з раней зробленых перакладаў Святога Пісання Новага Запавету на беларускую мову не мог лічыцца афіцыйным і агульнапрынятым, паколькі ўсе яны былі аўтарскімі, ажыццяўляліся з ужо якія былі перакладаў, не заўсёды адпавядалі нормам сучаснай беларускай мовы і царкоўнай тэрміналогіі. Выданне тэкстаў Святога Пісання Новага Запавету ў новым перакладзе на сучасную беларускую мову мае агульнанацыянальнае і гістарычнае значэнне". І тут я хацеў бы звярнуць увагу на тое, што нягледзячы на часам песімістычныя і змрочныя прагнозы некаторых, беларуская мова ўсё ж такі знаходзіць запатрабаванне, і захады да пашырэння яе ўжытку ёсць. Пра гэта, дарэчы, разважалі нядаўна ўдзельнікі круглага стала, які прайшоў у рэдакцыі газеты “СБ. Беларусь сегодня”. Многія сёння сыходзяцца ў думцы, што ўвага да пашырэння ўжытку адной з дзяржаўных моў Беларусі павінна падмацоўвацца канкрэтнымі захадамі з боку як дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый, школ і ВНУ, СМІ, так і ў сем’ях, у паўсядзённым жыцці. І ўчарашняя прэзентацыя – канкрэтны крок на гэтым шляху.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: