Падзяліцца:
“Роздум. Па слядах “вечнага вандроўніка”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
28 Чэрвеня 2018
“Роздум. Па слядах “вечнага вандроўніка”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Я ў свой час вельмі палюбіў дарогу, якая вядзе з Полацка на Шаркоўшчыну – яна да самой вёскі Германавічы ўецца вірлівай лентай уздоўж цудоўнай рэчкі Дзісёнкі, берагі якой зараслі вербалозам, палявымі кветкамі і густымі хмызамі. Нібы ласкавае кацяня, суправаджае яна падарожніка, ні на хвіліну не хаваючыся ад яго позірка. Гэтыя мясціны звязаныя з вандроўкамі Язэпа Драздовіча, мастака, філосафа, наіўнага і думнага беларуса, які ўсё сваё жыццё прысвяціў роднаму краю і памёр, як народны святы, сярод людзей, не маючы ўласнай хаты і сям’і… Пра ўсё гэта я згадаў падчас адкрыцця выставы жывапісу, графікі і скульптуры “Сусвет Язэпа Драздовіча” ў Нацыянальным мастацкім музеі, прысвечанай 130-годдзю творцы. На ёй прадстаўлена каля сямідзесяці работ з калекцый розных айчынных музеяў, Нацыянальнай Акадэміі навук, Беларускага саюза мастакоў. Пра Язэпа Драздовіча я ўпершыню даведаўся падчас адной з першых журналісцкіх камандзіровак у далёкія васьмідзесятыя, калі настаўнікі Германавіцкай сярэдняй школы Ада Райчонак і Кліменцій Кожан стварылі невялічкі школьны музей, прысвечаны жыццю і дзейнасці мастака. А работы Драздовіча можна было яшчэ адшукаць у жыхароў бліжэйшых вёсак, якім творца шчодра дарыў свае маляваныя дыванкі і малюнкі. А потым была кніжка аднаго з першых даследчыкаў творчасці мастакааўтарства навукоўцы Арсеня Ліса “Вечны вандроўнік”. Дык хто ж гэты нястомны падарожнік, які пакінуў такі яркі след у беларускім мастацтве? Мастак, скульптар, разьбяр, пісьменнік, паэт, археолаг, фалькларыст, педагог, вандроўнік… Язэп Драздовіч за свой кароткі век зрабіў нямала. Мастак па прафесіі, ён пісаў жывапісныя карціны па гісторыі Полацкага княства, унёс нацыянальны каларыт у партрэты князя Ўсяслава Чарадзея і Францыска Скарыны, пісаў гістарычны раман “Гарадольская пушча”, выдаў першую на Беларусі кнігу па астраноміі “Нябесныя бегі”, марыў аб выданні манаграфіі “Тэорыі рухаў у касмалагічным значэнні”, узносіў у касмічныя прасторы Месяца беларускія гарады і вежы, ствараў чарцяжы “касмічнай тарпеды”, на якой “зямныя турысты” павінны адправіцца ў падарожжа на планеты Сонечнай сістэмы... Акрамя таго, запісваў фальклёр, апрацоўваў для слоўнікаў народную лексіку, даследаваў у Мінску рэчышча Нямігі, праводзіў раскопкі ў Заслаўі, Свіры. Нарадзіўся ён непадалёк ад Германавічаў, прайшоў складаны жыццёвы шлях: працаваў настаўнікам малявання ў Вільні, Мінску, Наваградку, шмат падарожнічаў. У апошнія гады жыцця, вярнуўшыся ў родныя мясціны, вёў вандроўны вобраз жыцця, хадзіў па вёсках, вучыў малых дзяцей грамаце і маляванню, дарыў свае работы вяскоўцам. Памёр Язэп Драздовіч у Падсвільскай бальніцы 15 верасня 1954 года. У музеі-пакоі народнай творчасці, што створаны ў мясцовай сярэдняй школе — яго карціны, дываны, графічныя работы, матэрыялы пра жыццё і творчасць майстра. Пахаваны ён на вясковых могілках. У 1982 на магіле ўстаноўлена стэла з барэльефам «вечнага вандроўніка». На радзіме Драздовіча штогод праводзяцца міжнародныя пленэры яго імя. У Мінску стаіць помнік Язэпу Драздовічу. Сёння яго называюць беларускім Леанарда да Вінчы. Асоба Драздовіча з’яўляецца сімвалам беларускага духоўнага Адраджэння. Так вось з забыцця вярнулася да нас творчая спадчына мастака, яго слаўнае імя. І ў год малой радзімы, напэўна, цікава будзе перанесціся ў родныя мясціны творцы, адкцуль яго думкі сягалі ў таямнічыя касмічныя прасторы. А выстава ў музеі будзе працаваць да канца года, і з ёй змогуць пазнаёміцца шматлікія наведвальнікі. Ім раскрыецца цудоўны і незвычайны свет Язэпа Драздовіча.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: