
Скажыце, калі ласка, хто для вас станавіўся кумірам, на каго з дзяцінства вы імкнуліся быць падобныя, у каго ў далейшым жыцці вы хацелі вучыцца мудрасці, працавітасці, сумленнасці?..
Упэўнены, вы назавеце дзесяткі імёнаў знакамітых людзей, чые біяграфіі вы чэрпалі з прачытаных кніг, пра каго вы чулі па радыё і бачылі па тэлебачанні.
А ці задумваліся вы, што многія з такіх сапраўдных куміраў – нашы сучаснікі, мы з імі ходзім па адных вуліцах, бачым іх твары, чуем іх галасы.
Такія постаці нашай культуры паўстаюць у кнігах пісьменніка і журналіста Зіновія Прыгодзіча, якія аб'яднаныя адной назвай «Постаці». Дарэчы толькі што на рускай мове выйшаў працяг гэтай своеасаблівай серыі, які называецца «Созидатели».
На працягу дзесятка гадоў пісьменнік збіраў матэрыялы пра нашых слынных сучаснікаў, сустракаўся з імі, браў інтэрв'ю.
Сярод яго героеў – народныя артысты, пісьменнікі, кампазітары, спевакі, мастакі. Вось толькі далёка не поўны пералік імёнаў – Марыя Захарэвіч, Адам Мальдзіс, Янка Сіпакоў, Наталля Гайда, Міхась Дрынеўскі...
Імпануе, што раскрываючы характары, творчы шлях сваіх суразмоўцаў аўтар не гоніцца за таннымі сенсацыямі, не шукае ў жыцці сваіх герояў нейкіх «гарачых» фактаў, што, на жаль, становіцца модным для некаторых, так бы мовіць, «акул пяра», якія такімі пошукамі хочуць прынізіць вобраз любімых народам асоб.
Як прызнаўся мне сам Зіновій Кірылавіч, такія гутаркі маюць велізарнае значэннне ў першую чаргу для яго самога. У кожнага са сваіх героеў ён чэрпае нешта вельмі важнае для сябе, яны вучаць яго многаму ў жыцці і творчасці.
Вось менавіта гэта, на мой погляд, вельмі важна адчуць і чытачу. Бо што граха таіць: сёння сярод штучна раздзьмутых куміраў часта бываюць людзі абмежаваныя, не вельмі маральныя ў штодзённым побыце, а часам проста нахабныя і хамаватыя.
А ў процівагу такім вось, з дазволу, «пасылам», простае крэда Марыі Гергіеўны Захарэвіч: «Каб людзі навучыліся адносіцца адзін да аднаго з увагай, любоўю. Каб знікла зайздрасць. Каб нехта парадаваўся чужому поспеху, чужой удачы».
І гэтыя словы знакамітай артысткі падмацаваны ўсёй яе жыццёвай біяграфіяй, служэннем мастацтву.
Са сваімі суразмоўцамі Зіновій Прыгодзіч сустракаўся не раз. І працуючы на розных дзяржаўных пасадах, і ў сваёй журналісцкай практыцы. Многія з іх сталі яго сапраўднымі сябрамі. А для напісання іх творчых партрэтаў спатрэбіліся сотні метраў магнітафонных стужак, дзесяткі спісаных блакнотаў.
На днях пісьменнік, лаўрэат шматлікіх конкурсаў, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Зіновій Прыгодзіч адзначыў свой паважны юбілей. Але і сёння працягвае марафон сустрэч, гутарак, каб для нас раскрыць цікавыя асобы нашых сучаснікаў, каб мы маглі ганарыцца тымі, хто з намі побач, вучыцца ў іх, пераймаць усё лепшае, што характарызуе творчую асобу.
Адзін са сваіх нарысаў, прысвечаных актору і рэжысёру Валерыю Анісенку, Прыгодзіч назваў «Тэатр пачынаецца з Радзімы».
Я б дадаў да гэтых слоў тое, што ўсё лепшае і творчае ў жыцці пачынаецца з Радзімы. Як і ў самога пісьменніка і яго герояў.