Падзяліцца:
30 Сакавіка 2017
Напэўна вы ўжо чулі, што ў Полацку, у канцэртнай зале Сафійскага сабора, пачаўся ХХХ Міжнародны фестываль старажытнай і сучаснай камернай музыкі. На працягу месяца, як паведаміла агенцтва БелТА, чакаюцца выступленні музыкантаў з Беларусі, Германіі, Італіі, Францыі, Аўстрыі, Польшчы і Бразіліі. Аматары музыкі не толькі старажытнага горада штогод чакаюць гэтае свята. У Полацк прыязджаюць паслухаць слынных выканаўцаў з усяго Прыддзіння, іншых гарадоў. На гэты час горад становіцца сапраўдным цэнтрам высокага мастацтва. А здаецца не так даўно ў скляпеннях Сафіі быў склад кніжнай прадукцыі. Толькі ў 80-х гадах мінулага стагоддзя па ініцыятыве гарадскога аддзела культуры і аматараў старажытнасці пачалася рэстаўрацыя гэтай гістарычнай забудовы. Што да канцэртнай залы, то да ідэі аб яе стварэнні некаторыя мясцовыя начальнікі паставіліся досыць скептычна. Асабліва да праекта ўстаноўкі ў саборы аргана. Маўляў, хто ў правінцыйным гарадку будзе прыходзіць на канцэрты класічнай музыкі. Але тадышняй загадчыцы аддзела культуры Таццяне Рудавай усё ж удалося пераканаць кіраўнікоў, і па замове палачан чэхаславацкая арганабудаўнічая фірма “Рігер Клос“ адмыслова для Полацкага сабора вырабіла арган. Мне пашчасціла пабываць на першым канцэрце арганнай музыкі і ўрачыстым адкрыцці канцэртнай залы. Святочна апранутыя людзі, а зала была перапоўнена, слухалі чароўныя гукі інструмента ў выкананні славутага маскоўскага арганіста Алега Янчанкі. Усе сумненні, ці ўспрымуць у горадзе высокую музычную класіку, аказаліся марнымі. І трэба сказаць, што першы жа фестываль выклікаў надзвычай вялікі рэзананс. Тады ўпершыню ў старажытны беларускі горад прыехалі з канцэртамі такія славутыя майстры, як Ірына Архіпава, дзяржаўны камерны хор пад кіраўніцтвам Палянскага, ансамбль салістаў Вялікага тэатра з Масквы, артысты з Таліна і Мінска. Ажатыятаж быў неверагодны! На канцэрты славутых майстроў у Полацк адмыслова прыязджалі нават масквічы. І вось ужо трыццаты фестываль, які, я ўпэўнены, таксама стане яркай падзеяй у культурным жыцці краіны. Сёлета мы шмат узгадваем Полацк - горад, у якім пройдзе святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, Дзень беларускага пісьменства. Гэта самы старажытны горад Беларусі, які з’яўляецца калыскай нашай дзяржаўнасці. Усведамленне ўсёй яго велічы прыйшло да землякоў не адразу. Войны і буры розных стагоддзяў на пэўны час маглі ператварыць Полацк у заштатны правінцыйны гарадок. На шчасце, так ужо назваць слыннае месца краіны сёння ніхто не рашыцца. Сёння ў Полацку ёсць што паглядзець шматлікім турыстам, ёсць што наведаць. Гэта і адзіны ў Беларусі музей кнігадрукавання, і экспазіцыі дзесятка музеяў, што ўваходзяць у склад Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка. Госці маюць магчымасць дакрануцца да ракі з мошчамі святой Прападобнай Ефрасінні Полацкай, памаліцца ў адрэстаўраваным Кафедральным саборы побач з брацкай школай Полацкага багаяўленскага манастыра, дзе адным з выкладчыкаў быў славуты асветнік і паэт Сімяон Полацкі… Але, на мой погляд, родны горад дастойны далейшага развіцця як гістарычны і культурны цэнтр краіны. Яшчэ нямала патрэбна зрабіць, каб развіць разгалінаваную інфраструктуру турыстычных паслуг, добраўпарадкаваць і рэстаўраваць важныя гістарычныя аб’екты. Пра гэта гаварылася на выязной рэспубліканскай калегіі Міністэрства спорту і турызму, пра гэта дбаюць шматлікія энтузіясты: гісторыкі і дзеячы культуры, прадстаўнікі грамадскасці. І згаданы музычны фестываль - таксама важкі ўклад у папулярнасць горада над Дзвіной, прыклад таго, каб самымі рознымі сродкамі і захадамі вяртаць першай сталіцы славутага Полацкага княства былую веліч і славу...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: