Падзяліцца:
“Роздум. Пад знакам веры і любові”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
17 Студзеня 2019
“Роздум. Пад знакам веры і любові”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Здаецца, адшумелі, адзвінелі святочнымі феерверкамі ля лясных прыгажунь навагоднія сустрэчы, паклаліся ў шафы на год бліскучыя цацачныя шары, 2019-ы набраў, што гаворыцца, рабочы ход. А вось сотні кітайскіх студэнтаў і іх сяброў сабраліся на святочны канцэрт у мінскім лінгвістычным універсітэце, прысвечаны надыходзячаму новаму году па месяцавым календары. У 2019 годзе па кітайскім календары новы год наступіць пятага лютага. На працягу двух тыдняў нашы сябры з Паднябеснай захоўваюць традыцыі і звычаі: наведваюць блізкіх і родных, ушаноўваюць памяць пайшоўшых у іншы свет, запускаюць у неба ліхтарыкі… І тыя нашы кітайскія сябры, якія працуюць ці вучацца ў нашай краіне, сустрэўшы разам з намі навагоднія святы, рыхтуюцца адзначыць сваё. Святочны канцэрт, які доўжыўся амаль чатыры гадзіны, быў арганізаваны кітайскім студэнцкім саюзам у Беларусі пры падтрымцы пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі. І хоць свята ў асноўным праходзіла на кітайскай мове, нашы студэнты не заставаліся раўнадушнымі: вось ужо некалькі гадоў ва ўніверсітэце вывучаецца кітайская мова, і многія выпускнікі ўжо здольныя гаварыць і разумець па-кітайску. Безумоўна, можна было б і абмежавацца проста паведамленнем пра такую падзею, але тое, з якой увагай да народных традыцый, з якім натхненнем шчыравалі на сцэне нашы сябры, выклікала роздум і вялікую павагу. Кожны народ імкнецца захаваць сваю індэнтычнасць, сваю самасць, свой адметны твар сярод іншых народаў планеты. Так, як гэта робяць у Кітаі, цяжка параўноўваць з кім-небудзь іншым. Тут да гэтага часу шануюць не проста народныя святы, але і старажытныя легенды, казкі. А што тычыцца гісторыі, то кожны школьнік можа расказаць пра значныя падзеі ад дынастыі Ся (а гэта 2207 год да нашай эры) да дынастыі Цын, якая закончылася ў 1912 годзе нашай эры, і да стварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі. А вучэнне старажытнага філосафа Канфуцыя, які жыў, лічыцца, паміж 551 і 479 годам да нашай эры, і да гэтага часу з’яўляецца цэнтрам народнай маралі, самасвядомасці кітайцаў!.. У цэнтры яго вучэння — пытанні маральных паводзін, выхавання і кіравання дзяржавай. Асноватворным прынцыпам яго этыкі з'яўляецца паняцце «жэнь» — чалавечнасць, гуманнасць, чалавекалюбства. Сёння Кітай – высокаразвітая сучасная краіна, з магутнай эканомікай, з сусветнымі дасягненнямі ў галіне навукі, тэхнікі, народнай гаспадаркі. Але вось вернасць традыцыям, павага да сваёй гісторыі, арыенцір на ўласны шлях у развіцці – гэта тое, чаму можна і трэба павучыцца. І калі маладыя людзі з такім энтузіязмам, з такім імпэтам любяць сваю краіну, свой народ, вераць у яго будучыню, што было відавочна падчас гэтага святочнага вечара, то гэта выклікала ў кожнага, хто быў у зале, высокія і светлыя пачуцці.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: