
Мой бацька-франтавік ніколі не быў у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ён, дарэчы, і Мінск, дзе жывуць і працуюць сёння яго родныя, так і не ўбачыў.
На франтавых дарогах расійскай поўначы, ва Узбекістане, дзе адшукаў сваіх родных, якія выехалі ў эвакуацыю і цудам пазбеглі жахаў фашысцкай акупацыі, пабываў, а вось у Мінску не давялося. Але я часта ўспамінаю яго і маіх родных дзядзькаў, яго і маміных братоў, якія загінулі на фронце, менавіта ў гэтым музеі, калі даводзіцца бываць там самому ці з гасцямі нашай сталіцы.
Адзін з іх, узбекскі паэт Кучкор Наркабіл, быў настолькі ўражаны, што напісаў верш, які я пераклаў на беларускую мову:
Слаўны Мінск. Гэты велічны новы музей.
Тут з парога я ўбачыў вайну.
Сэрца цісне ў мяне і ў людзей
Праз самотную цішыню.
У Беларусі загінуў адзін ад траіх,
Гэты боль тут не ў сілах суняць
І жыве гэтым кожны пакутлівы ўздых
І бярозкі пра гэта шумяць.
Я выходжу з музея. Цябе, Беларусь,
Прыціскаю да сэрца свайго,
Я твой боль назаўсёды з сабой забяру,
Яна будзе, як Вечны агонь.
Мне заўсёды думаецца, што б узгадаў мой тата, калі б пабываў разам са мной у новым будынку музея? Франтавы акоп, дзе адбіваліся ярасныя атакі фашыстаў, заснежанае поле пад Мурманскам, адкуль яго, цяжка параненага, везлі на сабаках санітаркі ў паходны шпіталь?..
У новай экспазіцыі, якая адкрылася толькі што, ёсць пояс блакадніка. Можа, ён нагадаў бы маёй маме Ленінградскую блакаду, адкуль яе, ледзь жывую, удалося пераправіць на Вялікую зямлю?
Сёння мала засталося тых, хто перажыў тыя суровыя, трагічныя і гераічныя гады. Таму, відаць, некаторыя з нашых сучаснікаў крыху па-іншаму пачынаюць ставіцца да тых часоў, шукаць розныя прычыны, каб абяліць тое, што ніякаму апраўданню не падлягае. Ішла вайна. І калі на цябе ішлі са зброяй, калі тваім родным і блізкім неслі смерць і пакуты, не было часу разважаць, трэба было змагацца. І перамагаць!
Гістарычна справядліва, што ў вызваленым ад захопнікаў Мінску з'явіўся такі музей.
У гэтыя дні Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адзначае юбілей. Роўна 75 гадоў таму першы ў свеце такога кшталту, ён адкрыўся дзвюма выставамі – “Бальшавіцкі друк у гады Вялікай Айчыннай вайны” і “Узбраенне беларускіх партызан”. Ужо тады яго фонды складалі 10 тысяч адзінак захоўвання, а сёння павялічыліся больш чым у 15 разоў. Прадметы ў фонды музея працягваюць паступаць. Іх перадаюць сваякі, нешта знаходзяць падчас экспедыцый і раскопак.
Памяць народа жыве. Яна патрэбна нам сённяшнім, каб не забыць балючыя ўрокі той вайны і прыклад непахіснай мужнасці тых, хто перанёс усе пакуты ды жахі, і перамог ворага!
Сёння гэта вельмі актуальна, асабліва, калі зусім побач з нашымі межамі ледзь не чуецца грукат танкавых гусеніц…