Шмат апошнім часам было паламана коп’яў у інтэрнэце ў сувязі з ініцыятывай беларускай суполкі ў Швейцарыі ўстанавіць помнік Тадэвушу Касцюшку - дзякуй Богу, кампраміс быў знойдзены пры дапамозе Міністэрства замежных спраў нашай краіны, помнік адкрылі, і імя Касцюшкі засталося фактам і беларускай гісторыі.
Не адразу і не ўсімі пакуль адназначна прымаецца прыналежнасць да нашай гісторыі і культуры многіх выдатных дзеячаў, чыё нараджэнне і жыццё звязана з Беларуссю. Тым не менш, вяртанне іх імёнаў у айчынны кантэкст адбываецца няўхільна.
Узяць, да прыкладу, выстаўку ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі “ Напалеон Орда. Ілюстраваная энцыклапедыя краіны”, якая прэзентуе 110 прац выбітнага творцы эпохі рамантызму. Вось ужо другі месяц яна карыстаецца заслужанай увагай шматлікіх гледачоў.
Экспазіцыя сталася важнай і надзвычай прэстыжнай культурнай падзеяй. Гэта – першая настолькі комплексная прэзентацыя прац мастака.
Напалеон Орда – піяніст, кампазітар, але перш за ўсё жывапісец і графік. У 1872-83 гадах ён здзейсніў некалькі дзясяткаў падарожжаў па колішніх усходніх землях Рэчы Паспалітай, галоўным чынам, па Беларусі, стварыўшы больш за 1000 малюнкаў.
Прырода шчодра адарыла Напалеона Орду талентамі. Без сумнення, каб ён прысвяціў сябе служэнню якой-небудзь адной са сваіх здольнасцей, то мог стаць вялікім мастаком, піяністам, кампазітарам або педагогам, асветнікам ці мысліцелем. Але і тое, што ён зрабіў, вылучае яго сярод творцаў таго часу.
Орда рабіў замалёўкі мясцін, звязаных з жыццём вядомых людзей, і архітэктурных помнікаў. Сярод іх вылучаюцца віды гарадоў Гродна (больш за 20 малюнкаў), Віцебска, Магілёва, Полацка, Нясвіжа, Пінска, Навагрудка і іншых мясцін. Намаляваныя Ордам сядзібы і палацы ў Завоссі і Паланэчцы, Тугановічах, Сконах, Астрашыцкім Гарадку і іншых мясцінах, а таксама замалёўкі помнікаў культавага дойлідства – Сафійскага сабора і Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку, Барыса-Глебскіх цэркваў у Гродне, Навагрудку, касцёлаў і кальвінскіх збораў у Койданаве, Ружанах, Іванаве – маюць гістарычную каштоўнасць.
Многія малюнкі Напалеона Орды звязаны з імёнамі знакамітых людзей, сучаснікаў мастака і яго сяброў: Адамам Міцкевічам, Станіславам Манюшкам, Міхалам Клеафасам Агінскім, Тадэвушам Касцюшкам.
Даследчыкі лічаць, што мастацкая скарбніца Орды налічвае больш за 2000 малюнкаў, да нашага часу дайшло больш за 1000. Арыгіналы іх захоўваюцца ў Нацыянальным музеі ў Кракаве (большая частка), у Нацыянальным музеі ў Варшаве, альбом акварэляў – у бібліятэцы імя Стафаніка ў Львове, адзін з альбомаў літаграфій з малюнкаў Напалеона Орды – у Валынскім краязнаўчым музеі. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі таксама ёсць вялікая калекцыя літаграфій з малюнкаў Орды.
І сёння я хачу паразважаць не толькі пра тое, што пакрысе мы пачынаем усведамляць, якую маем багатую спадчыну ад нашых землякоў.
І святкаванне пяцьсотгоддзя беларускага кнігадрукавання, і слынныя юбілеі ўраджэнцаў нашай зямлі (дарэчы выстава твораў Напалеона Орды прымеркавана да яго сёлетняй 210-гадовай гадавіны) прыцягваюць увагу да Беларусі ў свеце.
Так сталася, што многія гэтыя імёны ўносілі ў свой пачэсны спіс іншыя народы і краіны. Мы чамусьці з нейкай незразумелай лёгкасцю аддавалі іх суседзям. А між тым, у многіх нашых гарадах і мястэчках могуць і, напэўна, павінны стаяць помнікі і мемарыяльныя знакі ўраджэнцам гэтых мясцін. І сёння, калі мы адкрываем шматлікія турыстычныя маршруты, менавіта гэтыя славутыя постаці могуць прывабліваць нашых гасцей. Таму тут шырокае поле дзейнасці і для музейшчыкаў, і для краязнаўцаў, і для мясцовых уладаў, каб яшчэ больш было што паказаць і што расказаць пра нашу багатую славутую спадчыну.