Летнія то спякотныя, то даждлівыя дзянькі, як заўсёды, багатыя на сустрэчы і падзеі, звязаныя з лёсам нашых землякоў, якія ў свой час пакідалі нашу Беларусь і цяпер вяртаюцца, калі не самі, то далёкімі нашчадкамі і светлай удзячнай памяццю. І ад таго цяплей становіцца на сэрцы, больш пільна ўглядаешся ў родныя абрысы Бацькаўшчыны і ўсё больш разумееш усю веліч і прывабнасць роднай зямлі...
Пра гэта думаў я ў мінулую нядзелю ў Ракуцёўшчыне, дзе некалі праводзіў свае летнія вакацыі наш Максім Багдановіч, на традыцыйным свяце паэзіі, калі слухаў выступленне адной з роду мясцовага шляхціча Вацлава Лычкоўскага, які ў 1911 годзе прымаў у сваім маёнтку паэта – Маргарыту Сяргееўну Пярову з Санкт-Пецярбурга. Жанчыну з расійскага горада на Няве кліча зямля яе продкаў і светлае імя вялікага Максіма. Натуральна і нязмушана гучыць з яе вуснаў беларуская мова як сведчанне прызнання ў любові да радзімы продкаў.
А літаральна праз пару дзён яшчэ адна падзея вярнула мяне да роздуму на гэтую тэму. У Міністэрстве замежных спраў прайшла прэзентацыя кнігі на беларускай мове пра нашага праслаўленага земляка героя Чылі Ігната Дамейку, аўтарам якой стала ягоная праўнучка Пас Дамейка. На ўрачыстасьць у Беларусь прыехалі тры праўнукі і адзін прапраўнук Ігната Дамейкі з Чылі, ЗША і Аўстраліі.
У знак 215-й гадавіны з дня нараджэння ўраджэнца Гродзеншчыны вучонага і асветніка, рэктара ўніверсітэта ў Сант’Яга дэ Чылі Ігната Дамейкі Выдавецкі дом “Звязда” па ініцыятыве МЗС і пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі нашай краіны выдаў гэты ўнікальны фаліянт.
“Дзякуючы такім людзям, як Дамейка, быў закладзены падмурак нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, стала магчымым мадуляванне беларускай нацыі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя», — сказаў на прэзентацыі Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
Па словах праўнучкі Ігната Дамейкі, якая жыве ў Аўстраліі, яна ніколі не марыла, што прыедзе сюды, на радзіму яе продкаў.
“Гэта неверагоднае шчасце і гонар для майго прадзядулі”, - сказала яна і дадала, што адчувае - ён тут, вельмі шчаслівы і вельмі ўсхваляваны. І рады, што кніга пра яго жыццё перакладзеная на мову зямлі, адкуль ён паходзіць.
І яшчэ адзін далёкі госць нашай краіны замовіў вяртанне на радзіму парэшткаў слыннай зямлячкі Магдалены Радзівіл. Гэтае жаданне родных агучыў князь Мацей Радзівіл падчас нядаўняга знаходжання ў Мінску.
У Беларусі цяпер добра ведаюць ролю Магдалены ў беларускай культуры. Яна фінансавала беларускія школы, першыя кнігі Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Канстанцыі Буйло — выданні Беларускага выдавецкага таварыства. Плаціла стыпендыю студэнтам-беларусам, якія навучаліся ў Пецярбургу, апекавалася тамтэйшай беларускай бібліятэкай.
Своеасаблівым вяртаннем на Радзіму з’явіцца сёлета святкаване 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і яго заснавальніка палачаніна Францыска Скарыны. Праз стагоддзі гучыць яго запавет пра тую ласку да зямлі, дзе нарадзіўся і ўзрос.
Покліч Радзімы гучаў у сэрцах многіх нашых землякоў. Ён не згасаў ніколі і натхняў іх на высокія справы і здзяйсненні.
Для іх родная зямля стала не толькі месцам нараджэння і дзіцячых ды юнацкіх гадоў. Менавіта любоў да Бацькаўшчыны – адно з самых шчымлівых і светлых пачуццяў, якое перадаецца, як бачым, і іх нашчадкам.
І гэта вельмі важна для нас, хто жыве тут, каб яшчэ глыбей усвядоміць, што такое родны кут, зямля, што нам дадзена лёсам.