Падзяліцца:
“Роздум. Покліч роднай зямлі”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
8 жніўня 2019
“Роздум. Покліч роднай зямлі”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) З вядомым беларускім мастаком Міколам Бушчыкам да нядаўняга часу мы былі суседзямі. Амаль кожны дзень мы бачыліся ў двары, не раз дзяліліся думкамі пра мастацтва, пра розныя падзеі ў свеце. Але аднойчы Мікола Уладзіміравіч прызнаўся, што прадае кватэру і пераязджае жыць на радзіму – у Слонім. Шчыра кажучы, напачатку навіна гэтая мяне здзівіла: Бушчык даўно прапісаўся ў сталічным жыцці, меў добрую майстэрню, актыўна ўдзельнічаў у выставачнай дзейнасці, адзін час нават займаў пасаду намесніка старшыні Саюза мастакоў. Яго працы ахвотна набываліся аматарамі жывапісу, калекцыянерамі, галерэямі і музеямі. “Пацягнула на радзіму, – коратка адгукнуўся на мой запытальны позірк Мікола Уладзіміравіч, – там мае карані, там хачу адчуць суладнасць з роднай прыродай, з роднай зямлёй.” І вось днямі знаёмлюся з інфармацыяй пра прэзентацыю ў Слоніме літаратурнага альманаха “Паланэз”, які выйшаў напярэдадні Дня беларускага пісьменства, які неўзабаве пройдзе ў гэтым старажытным горадзе. Як паведамляецца ў анатацыі: “Прыгожае афармленне альманаха каляровымі рэпрадукцыямі карцін слонімскага мастака Міколы Бушчыка, цудоўныя творы слонімскіх літаратараў, пачынаючы ад Кандрата Лейкі і да сённяшняй вясковай школьніцы-паэткі Дар’і Раманавай, зацікавяць чытачоў, як афармленнем, так і зместам.” Значыць, ужо ёсць першы плён пераезду сталічнага творцы на Радзіму! А рэдактарам альманаха з’яўляецца мясцовы літаратар і краязнаўца Сяргей Чыгрын. Край з’яўляецца радзімай беларускага паэта, празаіка, драматурга пачатку ХХ стагоддзя Кандрата Лейкі. У вёсцы Рудаўка прайшлі дзіцячыя гады Валянціна Таўлая. У Слоніме некалі жыў добры паэт, калекцыянер, мастак, музыкант, сябар Янкі Купалы Гальяш Леўчык. Слонімская зямля з’яўляецца радзімай Уладзіміра Ягоўдзіка, Уладзіміра Цвяткова, Надзеі Дземідовіч, Ганны Шарамецьевай і іншых вядомых літаратараў. Мне падаецца, што правядзенне Дзён пісьменства ў кожным новым горадзе краіны якраз і садзейнічае больш пільнай увазе землякоў да гісторыі свайго краю, да знаёмства з важнейшымі вехамі культурнай спадчыны свайго раёна.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: