Падзяліцца:
“Роздум. Пра будучыню роднага краю”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
23 мая 2019
“Роздум. Пра будучыню роднага краю”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Свае светлыя мары пра будучыню роднага краю спялілі ў душы з далёкай мінуўшчыны лепшыя сыны і дочкі Айчыны. “Беларусь, Беларусь, гэты зык паліць душу маю, бы агнём”, – пісаў паэт Уладзімір Жылка. А Янка Купала сярод іншых праніклівых радкоў сведчыў “Мне сняцца сны аб Беларусі”. А як мараць пра будучыню Бацькаўшчыны сённяшнія нашы маладыя сучаснікі? “Бачу Беларусь такой”, – такая была тэма конкурсу на лепшы верш, апавяданне, малюнак і фотаздымак, які праводзілі ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі і ў Мінскай цэнтралізаванай сістэме дзіцячых бібліятэк. Больш за сто юных чытачоў-вучняў гарадскіх школ выказалі сваё бачанне будучыні роднай краіны. А на пачатку была кніга з такой назвай, якая выйшла летась у выдавецкім доме “Звязда”. У кнізе, складальнікам якой выступіла першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Алена Стэльмах, змешчаны фотаздымкі фотааматара Уладзіслава Цыдзіка і вершы беларускіх паэтаў. Выдатныя краявіды розных куткоў Беларусі, аздобленыя пранікнёнымі паэтычнымі словамі, па задуме аўтараў павінны былі абудзіць патрыятычныя пачуцці шматлікіх чытачоў. І мяркуючы па выніках конкурсу, гэта паспяхова ўдалося. На працягу конкурса ў бібліятэках былі арганізаваныя экспазіцыі з творамі юных удзельнікаў, прайшлі вечары-прэзентацыі, іншыя цікавыя мерапрыемствы. Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў адбылася ў мемарыяльнай зале творчага саюза, дзе змешчаны фотаздымкі пісьменнікаў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. І гэта таксама мела пэўны сімвалічны сэнс. Нібыта прадстаўнікі старэйшых пакаленняў, якія змагаліся за свабоду і незалежнасць роднай Айчыны, маглі чуць споведзь нашчадкаў, якія жывуць у сённяшняй Беларусі і бачаць светлую яе будучыню. Пачуццё прыналежнасці да гісторыі, традыцый, культуры роднага краю – адно з самых шчырых і светлых чалавечых пачуццяў. Захаваць і памножыць здабыткі папярэдніх пакаленняў – святы абавязак нашчадкаў. Наша зямля зведала нямала трагічных старонак у сваёй гісторыі. Але мары пра светлы лёс краіны дапамагалі выстаяць у змаганнях, захоўваць сваю мову, традыцыі, свой менталітэт. І мары сённяшніх юных, іх бачанне будучыні роднага краю – гэта тое, што ўсяляе веру і надзею, абуджажае высокія патрыятычныя пачуцці. Сярод вершаў нашых паэтаў, змешчаных у кнізе, ёсць і мае радкі: Нібыта светлую зару, Што прынясе пачатак дня, Такой я бачу Беларусь, Такой люблю яе штодня. З пявучай мовай трапяткой, З усмешкай шчодраю заўжды, Я веру, што ёй быць такой Яшчэ на доўгія гады. Тут маіх светлых дум прыліў Пра шчасце яе сынам быць, Пра светлы лёс маёй зямлі, Якую вечна нам любіць. Прыемна, што юныя чытачы падзяляюць гэтыя запаветныя мары.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: