
Ці ведаеце вы, што звычайны даматканы вясельны ручнік валодае магічнай сілай і нават можа прадказаць будучы лёс? Праз стагоддзі перадаваліся паданні пра сакральныя ўласцівасці ручніка, пра захаваны ў іх код шчасця.
Пасля вяселля ручнікі захоўваліся ў сям’і маладых як сімвал сямейнага жыцця. Пра ўсе гэтыя таямніцы я даведаўся з кнігі Аліны Іванаўны Дубініч, народнай майстрыхі з Нясвіжа, на ліку якой больш за дваццаць сапраўдных шэдэўраў вышыванай творчасці.
Гэтую кнігу Алена Іванаўна прывезла да нас, на радыё, з роднага горада. Сама Алена Іванаўна лічыць, што брацца за такую работу патрэбна з добрым настроем і лёгкім сэрцам. “Пры вышыванні вясельных ручнікоў думкі павінны быць светлымі і чыстымі”, – сцвярджае яна.
Народная майстрыха паходзіць з вёскі Сейлавічы Нясвіжскага раёна. Маці яе займалася ткацтвам і вышыўкай, бацька сам зрабіў для жонкі ткацкі і снавальны станкі.
З дзяцінства дачка пераняла таямніцы майстэрства ткацтва і вышыўкі, і гэтае захапленне засталося з ёй на ўсё жыццё. Але не думала, пэўна, што плён гэтага захаплення стане запатрабаваны многімі людзьмі, што на розных выставах і фэстах яе вырабамі будуць захапляцца шматлікія наведвальнікі.
Памятаю, як у васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя стала вяртацца ўвага грамадства да народнай творчасці. Тое, што тады лічылася архаікай і непатрэбшчынай, стала сапраўдным мастацтвам, якое захоўвала народныя традыцыі, што вякамі перадаваліся з пакалення ў пакаленне.
Мала хто тады ўяўляў, што народныя строі, вышыўка, выцінанкі стануць для сучаснага чалавека азначэннем прыналежнасці да свайго народа, гісторыі роднага краю.
Я слухаў, як распавядала Алена Іванаўна, што вясельны ручнік – гэта дарога жыцця. Таму палатно яго павінна быць цэльным і бесперапынным, як само жыццё. На вясельным ручніку вышываюцца пары птушак, вышыўка павінна запаўняць адну чацвёртую кожнай палавіны ручніка.
Ці не праўда, колькі тут паэзіі, цудоўнай фантазіі, народнай мудрасці і досведу!..
Каб усе вырабы, што ёсць на нас і ў нашых кватэрах, вырабляліся з такімі паэтычнымі замовамі, з дабрынёй і спагадай іх майстроў!
Фальклор, народная творчасць сёння не блазнота, не хобі, не толькі захапленне і прадмет вывучэння спецыялістаў.
Гэта дзейсны напамін аб вытоках народа, яго гісторыі, традыцыях, аб тым, чым мы адметныя ў свеце.
Вяртаючыся да гэтых крыніц, мы больш глыбока спасцігаем сваю існасць і прадвызначэнне, сваю Радзіму, зямлю, што нам дадзена лёсам.
Алена Іванаўна Дубініч – маці траіх дзяцей. Сваё майстэрства яна перадала дачкам Святлане і Ірыне, унучкам Іване і Валерыі. А гэта значыць, што светлая вера, душа і паэзія народа будуць жыць і радаваць нас і надалей.