Падзяліцца:
Роздум. Права і выбар. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
23 лістапада 2016
Роздум. Права і выбар. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Дабрыдзень! Памятаю, у школьныя гады мы часта з сябрамі-аднакласнікамі хваліліся адзін перад адным сваімі бацькамі. Жыў я ў раёне, дзе ў асноўным сяліўся просты люд, таму сярод нашых бацькоў вялікіх начальнікаў ці дужа заможных людзей не было. Ды і паняцце “заможны” існавала хіба для вельмі вузкага кола людзей, бо ў тыя гады мала хто мог пахваліцца звышвысокімі даходамі і маёмасным багаццем. Таму крытэрыі значнасці чалавека вымяраліся намі па іншых, чым часта цяпер, вымярэннях. Я, напрыклад, ганарыўся сваім бацькам, што ён былы франтавік, прыйшоў з вайны інвалідам і зусім не перажываў, што ён працуе на самай простай і зусім не прэстыжнай пасадзе. У аднаго з нашых сяброў бацька быў трэнерам па боксу, у другога разьбяром па дрэве, у трэцяга - выдатна лавіў рыбу, у чацвёртага – метка страляў у ціры… Мы цанілі мужчынскую годнасць, вернасць дадзенаму слову, спрыт і ўменне бацькоў, павагу да іх з боку суседзяў, родных і блізкіх. А яшчэ для мяне быў прыкладам мой зямляк Алесь Савіцкі, які быў пісьменнікам і кнігі якога можна было бачыць у нашай гарадской кнігарні “Светач“ ды на бібліятэчных паліцах. Пры слове “пісьменнік” мне ўяўляўся зусім незвычайны, чалавек, нібы казачны волат, бо кнігі я вельмі любіў, а чалавек, які піша кнігі, здаваўся сапраўдным чараўніком. Час імкліва мяняўся, і на першы план сталі выходзіць зусім іншыя каштоўнасці. А гэта, не сакрэт, - наяўнасць катэджу ці багатай кватэры, машыны, дачы, рахунку ў банку, айфонаў ці іншых мабільных прылад, адным словам – матэрыяльны дабрабыт. А такія паняцці, як гераізм у імя вялікай справы, вернасць абавязку, імкненне да высакародных учынкаў сталі адыходзіць неўпрыкмет на другі план. Я, канешне, далёкі ад таго, каб услаўляць беднасць. Матэрыяльны дабрабыт – неабходная і вельмі важная частка жыцця, але ж, як кажа святая кніга, не хлебам адзіным… Хіба мы не сустракаліся і не сустракаемся ў розных СМІ і на інтэрнэцкіх сайтах з выпячванем матэрыяльных каштоўнасцяў, з любаванем рознымі дзівацтвамі і выбрыкамі дужа багатых людзей, з апяваннем асабістых яхт і загарадных віл? Словы “духоўнасць“ і “маральнасць“ становяцца для некаторых сёння не толькі архаізмам, але і нечым нават шкодным і непатрэбным. Мы бачым, зноў жа, што пад уплывам гучных лозунгаў пра правы асобы патроху ў грамадстве культывуецца паняцце асабістай свабоды ад усіх маральных прынцыпаў папярэдніх пакаленняў. У біяграфіях вялікіх людзей старанна вышукваюцца негатыўныя звесткі, ідзе імкненне бурыць аўтарытэты, зрынаць з п’едэсталаў класікаў і героеў, даводзячы насамрэч, што яны быццам нізкія і амаральныя людзі і не заслугоўваюць нашай павагі. Асабліва эфектыўна гэта кладзецца ў галовы зусім юных, бо яны перастаюць верыць у тое, што чулі і чыталі раней, пра што ім расказвалі старэйшыя. Гэтае бязвер’е – прыдатная глеба для самых страшных вычварэнняў, для беспакаранасці, злобы і агрэсіі. Я таксама за прагрэс, за права асобы на рэалізацыю сваіх мараў і памкненняў, за развянчанне закасцянелах догмаў, што склаліся ў выніку невуцтва і агрэсіўнасці, але супраць разбурэння ўсяго, чаму прысвячалі жыццё лепшыя сыны і дочкі чалавецтва, што неслі і нясуць нам разумныя кнігі, выдатныя карціны, чароўная музыка. Я хачу каб мае дзеці і мой унук былі маральнымі людзьмі, любілі сваю Радзіму, яе гісторыю і культуру. І маю права гаварыць ім пра гэта, як і многім іх равеснікам, бо вопыт пакаленняў, тыя прынцыпы, на якіх фарміраваліся нашы папярэднікі – гэта набытак нашага народа, яго духоўны скарб. У песнях і паданнях, у моўных пярлінках, поўных дасціпнасці і гумару, – аснова фарміраваня светапогляду, падмурак ідэнтычнасці народа і яго духоўнасці. Гэтак як і для прадстаўнікоў іншых нацый і народаў, якія спрадвеку жылі ў міры і дружбе на нашай зямлі. Зямлёй пад белымі крыламі назваў наш край Уладзімір Караткевіч. Так рамантычна і высока! І на гэтай зямлі жывуць звычайныя людзі, якія ў сваіх будзёных клопатах ствараюць мір і спакой для сябе і сваіх блізкіх, для новых пакаленняў. Але ў гэтай звычайнай будзёнасці ёсць трывалае зерне спрадвечных каштоўнасцяў, на якія не толькі патрэбна не забывацца, а штодзённа жыць імі і перадаваць сваім наступнікам...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: