Падзяліцца:
30 Жніўня 2017
Урачыстае адкрыццё сёлетняга свята беларускага пісьменства і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання яшчэ наперадзе, але ўжо сёння ў старажытным Полацку важная і знакавая падзея – у родны горад першадрукара вяртаецца “Малая падарожная кніжка”, выдадзеная ім у 1522 годзе ў старадаўняй Вільні пры падтрымцы тамтэйшага бурмістра Якуба Бабіча. “Малая падарожная кніжка“ з’яўляецца “часасловам для свецкіх“, гэта значыць, зборам царкоўных кніг невялікага фармату, прызначаных для падарожнікаў. Гэта, па сутнасці, васемнаццаць кніг, сабраных разам у адзін пераплёт. Яны ўпрыгожаны ўнікальнымі гравюрамі, застаўкамі, пасляслоўлямі, якія напісаў асабіста Скарына. Менавіта гэтую кнігу эксперты лічаць першай кнігай, выдадзенай у Вялікім Княстве Літоўскім. На сённяшні дзень гэта адзіны арыгінальны экземпляр скарынаўскай спадчыны ў нашай краіне. А вярнуўся ён на радзіму першадрукара, дзякуючы Белгазпрамбанку і персанальна яго кіраўніку Віктару Бабарыку. Перш, чым прыехаць у Полацк, кніга пабывала ў Літве, Польшчы, Чэхіі, Італіі - краінах, звязаных з жыццём і дзейнасцю славутага палачаніна ў рамках міжнароднага праекта “Дарогамі Францыска Скарыны з Белгазпрамбанкам”. Пошукі ўнікальнага экземпляра кніжкі Скарыны былі амаль дэтэктыўнай гісторыяй. Яна знайшлася ў прыватнай калекцыі аднаго калекцыянера-беларуса, які набыў яе недзе ў расійскай глыбінцы. І Віктару Бабарыку ўдалося ўгаварыць уладальніка каштоўнасці прадаць яе для грамадскага карыстання. І тут мне хацелася звярнуць увагу менавіта на яшчэ адну традыцыю, якая прыйшла да нас з часоў Скарыны – фундатарства. Сам Францыск Скарына ў свой час апекаваўся мецэнатамі, карыстаўся іх паслугамі ў сваёй высакароднай справе. Таму Белгазпрамбанк і яго кіраўніка таксама можна лічыць прадаўжальнікамі традыцый нашага славутага земляка. Пра сённяшнюю падзею ў Полацкім музеі беларускага кнігадрукавання, я думаю, будзе расказана яшчэ нямала, а мне ў гэтай сувязі хацелася б паразважаць аб тым, як гістарычныя з’явы і падзеі аказваюць уплыў на самасвядомасць людзей праз стагоддзі,як падобныя вяртанні спадчыны фарміруюць высокае пачуццё гонару за сваю Радзіму. Першы нарыс Сяргея Палуяна пра Скарыну быў надрукаваны ў беларускім друку ў 1909 годзе, затым у дваццатых гадах мінулага стагоддзя сталі з’яўляцца першыя сур’ёзныя публікацыі нашых вучоных. А сёння гэтае імя эпохі Адраджэння становіцца вядомым не толькі для беларусаў, расіян, іншых славянскіх народаў, але практычна для ўсяго свету. Дарэчы, у бліжэйшы час у Полацку і Мінску пройдуць міжнародныя навуковыя канферэнцыі, круглыя сталы, у якіх прымуць удзел навукоўцы, літаратары, грамадскія дзеячы з дзясяткаў краін. Дадам, што яшчэ важна, сёлетняе свята выклікала цікавасць і актыўнасць не толькі ў колах вучоных і літаратараў, выдаўцоў і бібліятэкараў. Яго ход і падрыхтоўка актыўна абмяркоўваецца і ў сацыяльных сетках. “Мы яшчэ не усвядомілі, што наш Францыск Скарына стаіць побач з тытанамі Адраджэння і Рэфармацыі, чые постаці ўжо не адно стагоддзе ўспрымаюцца як найярчэйшыя светачы ў гісторыі ўсяго чалавецтва”, - напісаў адзін з карыстальнікаў. Думаю, што і сённяшняя падзея і іншыя напрацоўкі, звязаныя з сёлетнім юбілеем беларускага кнігадрукавання, паспрыяюць гэтаму ўсведамленню.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: