Падзяліцца:
«Роздум. Прыгожая песня Дзвіны». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
7 чэрвеня 2018
«Роздум. Прыгожая песня Дзвіны». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Наваполацк увайшоў у маё жыццё яшчэ ў школьныя гады — памятаю, як нашым суседзям з полацкага прыгараднага пасёлка далі ў маладым горадзе, які толькі што паўстаў на процілеглым беразе Дзвіны, кватэру, і мы там святкавалі ўлазіны. А праз некалькі дзён Генка Кошалеў здаваў іспыты ў музычную школу, і я прыехаў на рэйсавым аўтобусе, каб падтрымаць сваёй увагай сябрука. Тады горад уяўляў з сябе квартал з некалькіх аднастайных аднапавярховых дамоў, дзе месціліся рабочыя інтэрнаты, двух-трох-чатырохпавярховікаў і будынка Палацы культуры. Цяжка было сабе ўявіць, што неўзабаве тут, як у казцы, з’явяцца шырокія праспекты, буйныя прыгожыя будынкі, горад з больш як стотысячным насельніцтвам. Генка тады ў музычную школу паступіў. Ён потым стане артыстам цырка, вернецца ў родны горад і стане адным з дзейсных удзельнікаў цыркавога калектыву “Юнацтва”. Сёння, гаворачы пра Наваполацк, называюць гераічныя справы будаўнікоў, нафтаперапрацоўшчыкаў і хімікаў. І гэта слушна, бо іх працоўнымі рукамі створаны гэты цудоўны горад з яго развітай прамысловасцю. Але горад, здавалася б, з зусім прамысловым сваім прызначэннем, рос, развіваючы культуру, мастацтва, спорт, і дасягаў і ў гэтых галінах найвышэйшых паказчыкаў у краіне. Дарэчы, пра музычную школу. Праз пэўны час у горадзе з’явілася музычнае вучылішча, і мала хто ведае, што, да прыкладу, сусветна вядомы баяніст Уладзіслаў Плігаўка – выпускнік гэтага вучылішча, а творы аднаго з яго выкладчыкаў Віктара Малых складаюць значную частку рэпертуару аркестра народных інструментаў Беларусі. З Наваполацкам звязаны творчы і жыццёвы лёс вядомых мастакоў Фелікса Гумена і Віктара Лук’янава, драматурга Аляксея Дударава, паэта Валянціна Лукшы, архітэктара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Макса Шляймовіча, хакеістаў братоў Касціных, прызёра Алімпійскіх гульняў Вадзіма Дзевятоўскага, выпускнікоў школы вадналыжнікаў, многія з якіх сталі чэмпіёнамі і прызёрамі чэмпіянатаў свету і Еўропы. А з мясцовага літаб’яднання “Крыніцы” выйшла звыш дзесятка знакамітых творцаў, якія ўносяць значны ўклад у здабыткі айчыннай літаратуры. Малады горад заўсёды прыцягваў да сябе тых, хто імкнуўся да высокіх здзяйсненняў, хто хацеў бачыць у сваім жыцці рамантыку і творчасць. Ехалі сюды працаваць людзі з усіх куткоў Беларусі, спецыялісты з Расіі, Казахтана, іншых былых саюзных рэспублік. Ён стаў родным для прадстаўнікоў больш як сямідзесяці нацыянальнасцяў. І ў той жа час у Наваполацку заўсёды з павагай ставіліся да беларускага слова, нацыянальнай культуры, падтрымлівалі ўсё тое, што стварала прыгажосць. Менавіта ў Наваполацку адрадзілася некалі першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі вышэйшая навучальная ўстанова – паўстаў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, выпускнікі якога сёння займаюць значнае месца ў розных галінах айчыннай навукі, прамысловасці, ідэалогіі. У гэтыя дні горад святкуе сваё шасцідзесяцігоддзе. Яго гісторыі і сённяшняму дню, яго жыхарам прысвечаны радыёмарафон, які пройдзе на хвалях нашага міжнароднага радыё “Беларусь”. І мне асабіста радасна і прыемна віншаваць землякоў, бо менавіта з Наваполацкам звязаны многія гады маёй працы, дзяцінства і юнацтва маіх дзяцей.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: