Падзяліцца:
Роздум. Прыцягненне каранёў. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
4 снежня 2017
Роздум. Прыцягненне каранёў. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Колькі беларусаў у Швейцарыі? Пра гэта, пэўна, не ведаў бабруйчанін Аляксандр Сапега, калі пабраўся шлюбам са швейцарскай грамадзянкай і пераехаў жыць у гэтую краіну. Але спраўдваючы словы паэта, што каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць, Аляксандр вельмі моцна адчуў сваю прывязанасць да гістарычнай радзімы. Ці то прозвішча славутае яшчэ дапамагло, але менавіта ад’ехаўшы ад роднага кутка, Сапега стаў не толькі адчуваць сябе сапраўдным беларусам, але і спрычыніўся да актыўнай грамадскай работы па пошуку і ўвекавечанні славутых землякоў. Мы ды і іншыя сродкі масавай інфармацыі паведамлялі ўжо аб адкрыцці помніка нашаму земляку Тадэвушу Касцюшку ў швейцарскім горадзе Алатурна. Помнік быў устаноўлены на грошы беларускай суполкі, і ў яго ўрачыстым адкрыцці прынялі ўдзел прадстаўнікі нашага пасольства ў гэтай краіне. А на Дзяды Аляксандр Сапега з паплечнікамі ўшанавалі памяць яшчэ адной нашай зямлячкі Ганны Тумаркін. Яе біяграфія настолькі цікавая, што пра яе можна расказваць асобна. Тумаркін нарадзілася ў мястэчку Дуброўна, што на Віцебшчыне. Яе бацькі былі таксама ўраджэнцамі гэтага беларускага мястэчка. Ханна Эстэр, у будучым Ганна Тумаркін, вучылася ў Кішынёве, у Берлінскім універсітэце, у швейцарскім Берне, дзе ў 1895 годзе паспяхова абараніла дысертацыю, а ў 1898 годзе атрымала пастаянную пазіцыю прыват дацэнта ў Бернскім універсітэце, стаўшы такім чынам першай жанчынай-прафесарам – выкладчыкам філасофіі. Выкладала эстэтыку і гісторыю філасофіі ў гэтай навучальнай установе да 1943 года. Ушанаванне памяці зямлячкі сталася яшчэ адным мерапрыемствам суполкі беларусаў Швейцарыі. Яны паспяхова правялі выставу слуцкіх паясоў. Беларусы Швейцарыі знайшлі нашчадкаў княгіні, мецэната Марыі Магдалены Радзівіл і невядомыя фотаздымкі прадстаўніцы знакамітага роду. Не забываецца Аляксандр Сапега і пра беларускіх землякоў. Яны з жонкай нядаўна ў час чарговага прыезду ў Беларусь, а ў родным горадзе бываюць штогод, дапамаглі Цэнтру карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі ў Бабруйску, выделіўшы каля 7500 долараў. Падтрымлівалі дзяцей з розных дамоў-інтэрнатаў: вадзілі ў кіно, музеі, дзіцячыя паркі, каталі на паромах. Нашы суайчыннікі спрыяюць і развіццю эканамічных стасункаў паміж краінамі. Швейцарскі гігант Штадлер некалькі гадоў таму адкрыў вытворчасць у Беларусі. А легендарныя швейцарскія гадзіннікавыя механізмы — цяпер сэрца нашага гадзіннікавага завода “Прамень”. І хоць, безумоўна, непасрэднага ўдзелу ў гэтых кантактах беларускай суполкі ў Швейцарыі няма, але іх актыўнасць, іх імкненне да стварэння станоўчага іміджу нашай краіны спрыяе спасціжэнню неабходнасці кантактаў і сяброўскіх сувязяў. Увогуле, традыцыйная беларуская талерантнасць і добразычлівасць выклікаюць павагу да беларусаў у многіх краінах. Кранае таксама іх любоў да сваёй гістарычнай радзімы. Праводзячы акцыю для суайчыннікаў «Гукае ласкай родны край», мы па лістах нашых слухачоў яшчэ раз пераканаліся ў гэтым. Вось які ліст і фотаздымак прыйшоў з далёкай Аргенціны: «Мяне завуць Таццяна, мае продкі родам з Беларусі. Беларусам быў мой прадзед па матчынай лініі - Рыгор Самусенка. Мне цяпер 27 гадоў, і з трох год я танцую ў калектыве «Чайка» Беларускага клуба «Vostok de Berisso». Мая сям'я актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці гэтай арганізацыі, і мая маці прывяла мяне і маіх братоў, калі мы былі яшчэ дзецьмі, у гэты клуб, каб мы сталі часткай гэтай цудоўнай справы, каб мы маглі прадстаўляць карані нашых продкаў. Разам мы займаемся разнастайнай дзейнасцю, не толькі танцамі. Мы рыхтуем тыповыя стравы: варэнікі, капусту, галубцы… У 2014 годзе ў мяне была магчымасць наведаць зямлю маіх продкаў - я ўдзельнічала ў мерапрыемстве, якое сабрала беларусаў з усяго свету ў горадзе Мінску, і ў гэтым годзе я змагла вярнуцца ў Мінск на час адпачынку. Гэта было выдатна, бо я даўно марыла павандраваць па Беларусі». Наша міжнароднае радыё і далей будзе падтрымліваць цесныя стасункі з суайчыннікамі, бо прыцягненне родных каранёў – гэта тое важнае і істотнае, што мацуе адчуванне прыналежнасці да народа, спрыяе разуменню свайго месца ў свеце, лучыць людзей любоўю і патрыятызмам незалежна ад месца пражывання.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: