
Амаль кожны дзень на адрас міжнароднага радыё «Беларусь» прыходзяць лісты з усіх куткоў свету - іх аўтары цікавяцца нашай краінай, яе гісторыяй і культурай, спартыўнымі дасягненнямі, пра што мы расказваем у сваіх перадачах.
Слухач з Бразіліі, да прыкладу, зацікавіўся Другімі Еўрапейскімі гульнямі, якія, як вядома, пройдуць у Мінску ў чэрвені наступнага, 2019 года.
“Чуў, што вы мяркуеце правесці конкурс, прысвечаны гульням, — напісаў наш слухач, — абавязкова прыму ўдзел і хачу пабываць у Мінску”.
Што ж, мы сапраўды думалі і рыхтаваліся да такой акцыі, і вось ужо сёння можна сказаць, што з першага красавіка на радыё бярэ старт конкурс творчых фотаработ «Маё прывітанне Еўрапейскім гульням». Ён праводзіцца разам з дырэкцыяй Другіх Еўрапейскіх гульняў 2019 года ў рамках цыкла тэматычных праграм радыё «Беларусь» на дзевяці мовах.
У гэтым конкурсе могуць прыняць удзел як замежныя слухачы радыё, так і грамадзяне нашай краіны. Для ўдзелу неабходна запоўніць заяўку, зрабіць здымак у час заняткаў спортам або на фоне спартыўных аб’ектаў і даслаць на электронную пошту радыё Беларусь з надпісам «MINSK2019».
Пераможцы, якіх выбярэ прафесійнае журы, атрымаюць камплекты запрашальных білетаў на падзеі спартыўнай праграмы гульняў і парадна-спартыўнай экіпіроўкі Нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь. Яны атрымаюць таксама граматы і дыпломы Белтэлерадыёкампаніі.
Мы спадзяёмся, што гэтым не толькі будзе прыцягнута ўвага да значнай падзеі, але мы будзем мець магчымасць пазнаёміцца з атлетамі і проста аматарамі спорту з іншых краін, а ў сваю чаргу ўдзельнікі з Беларусі распавядуць пра нашу краіну, менталітэт беларускага народа, яго гісторыю і культуру.
Сапраўды, міжнародныя спаборніцтвы такога рангу даюць магчымасць не толькі мерацца сіламі ў розных відах спорту, яны павінны садзейнічаць турыстычнай прывабнасці і прэстыжу Беларусі на міжнароднай арэне, унесці ўклад у папулярызацыю нашай нацыянальнай культуры, мовы, прыцягненню моладзі ў спартыўнае жыццё краіны.
Дарэчы, лагатыпам гульняў выбрана папараць-кветка, якая стала паўнапраўным і вядомым сімвалам культуры Беларусі. Рабочымі мовамі на гульнях стануць беларуская, руская і англійская.
У Мінску выступяць атлеты з больш чым 50-ці краін. Плануецца, што за падзеямі змогуць назіраць па тэлебачанні ў ста шасцідзесяці краінах.
А пераможцы нашага конкурсу змогуць непасрэдна пабачыць спаборніцтвы тут, у Мінску.
І яшчэ. Часам некаторыі скептыкі выказваюць сумненні ў неабходнасці такіх маштабных мерапрыемстваў, мяркуюць, што лепш выдаткоўваць сродкі на бягучыя праблемы гаспадарчага плану.
Між тым, не толькі маральны эфект, эфект прызнання нашай краіны ў міжнароднай супольнасці як міралюбнай суверэннай дзяржавы нясуць такія падзеі. Яны садзейнічаюць развіццю міжнароднага турызму, павелічэнню патоку гасцей Беларусі з розных куткоў свету, што прыносіць не толькі маральны, але і канкрэтны эканамічны эфект.
Спадзяюся, што гэтаму будзе садзейнічаць і наш міжнародны конкурс фотаработ.
З падрабязасці вы зможаце пазнаёміцца на нашым сайце Radiobelarus.by. Поспехаў!