
Маё ранняе дзяцінства прайшло разам з бабуляй. Бацькі былі занятыя на працы, ды і выхадны дзень у тыя часы быў толькі адзін – нядзеля. Таму амаль увесь час мая любая клапатлівая бабуля была для мяне вельмі дарагім і блізкім чалавекам. Яе казкі і аповяды, яе ласкавыя рукі я памятаю да сённяшняга дня. Як і роспач і тугу па страце яе, якую я перанёс, калі мне было ўжо дзесяць гадоў.
І сёння, калі гляджу на даўні здымак, з цеплынёй і любасцю ўглядваюся ў дарагія рысы.
Таму кожнае паведамленне пра гвалт унукаў да сваіх бабуль не магу чытаць без болю і агіды. Тым больш, калі ў паведамленнях праваахоўных органаў можна знайсці жудасныя факты пра тое, як такія, з дазволу сказаць, унукі, па-зверску забіваюць тых, хто іх некалі гадаваў і песціў.
Па сведчанні супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў, толькі сёлета ад рук сямейных агрэсараў загінулі 55 чалавек.
“Вырадкі” – скажаце вы. Так, як гаворыць беларуская прымаўка, “няма роду без выроду”. Але гэта сапраўды ўжо выключныя выпадкі. Ды давайце прыгледземся і паразважаем, як часам стасуюцца паміж сабой родныя і блізкія людзі. Паводле тлумачальнага слоўніка Ушакова, гэта тыя, якія знаходзяцца ў кроўным сваяцтве па прамой лініі.
Заўважце, – у кроўным. Значыць, аб’яднаныя адной крывёй, памяццю продкаў.
І зноў чытаю ў інтэрнэце, як родны брат робіць злачынства супраць роднага брата, як дачка судзіцца з роднай маці, як у адзіноце дажываюць свае дні старыя без увагі і клопату родных дзетак.
Падкрэсліваю – родных. Што ўжо казаць пра іншых сваякоў, тым больш далёкіх.
Ва ўсе часы людзі, звязаныя сваяцтвам, хінуліся адзін да аднаго, прыходзілі на дапамогу ў цяжкую хвіліну, дзяліліся, што гаворыцца, і хлебам, і соллю.
Новыя рытмы нашага часу нярэдка разбураюць старыя традыцыя і ўяўленні, народныя маральныя пастулаты.
Пад пытаннем імкнуцца паставіць паняцце нават звыклага інстытута сям’і.
І гэта ўжо замах на саму існасць чалавечага існавання. Нездарма нядаўна адзін папулярны фантастычны тэлесерыял пра робатаў яго стваральнікі назвалі “Лепшыя за людзей”.
Гэта толькі калі я гавару пра адзін аспект праблемы – сямейныя і роднасныя адносіны.
Адзін з тлумачальных слоўнікаў выдае разам з паняццем кроўнага радства і такое — “тыя, хто блізкія па духу, звычках, перакананнях”. Такім чынам, у нас значна больш радні, чым толькі па пашпартных дадзеных.
І гэдак, як да сваіх кроўных, мы павінны ставіцца з любоўю і павагай да тых, каго мы маем права назваць гэтым важкім словам – “радня”...