Падзяліцца:
16 сакавіка 2017
Вось і закончыўся гэты незвычайны творчы марафон, які праводзіла наша Міжнароднае радыё "Беларусь". Амаль год мы прымалі эсэ на тэму “Беларуска-кітайскае супрацоўніцтва. Шаўковы шлях і Індустрыяльны парк “Вялікі камень" - маімі вачыма”. Партнёрамі выступілі Пасольства КНР у нашай краіне, Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі і Рэспубліканскі інстытут імя Канфуцыя БДУ. Шчыра кажучы, у некаторых наша ідэя выклікала пэўны скепсіс і сумнені: як гэта радыё аб’яўляе конкурс друкаваных работ. Ды і мы, прызнаюся, хваляваліся: наколькі актыўна нашы слухачы адгукнуцца на гэтую ініцыятыву. Сёння прыемна адзначыць, што ўсе сумнені не знайшлі свайго пацвярджэння. Скажу больш, мы нават былі прыемна здзіўлены і актыўнасцю ўдзельнікаў, і колькасцю прадстаўленых работ, і іх высокім прафесійным узроўнем. “Мой Кітай як адкрыццё — гэта амаль пяцьдзесят незвычайных маладых хлопцаў і дзяўчат, якія вучацца ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка", - напісала адна з пераможцаў творчага спаборніцтва Святлана Кабачэўская. Дарэчы, яна прадставіла сваё эсэ адразу на трох мовах - беларускай, рускай і кітайскай. Яна піша, што Кітай сёння ў яе сэрцы назаўжды. А другі пераможца, кітайскі грамадзянін, аспірант гэтага ж універсітэта Ван Шывэй нават склаў невялікую паэму “На адным шляху пад сінім небам”, а ў заключэнне адзначыў: “ Праект “Адзін пояс – адзін шлях “ паявіўся ў век глабалізацыі. Гэта вынік адкрытасці і супрацоўніцтва, а не інструмент геапалітыкі”. Вучань трэцяга класа СШ №4 Мінска Віталь Грышкевіч напісаў цудоўную казку пра вялікія прыгоды чароўных істот на вялікім шаўковым шляху. Усяго да нас на радыё паступіла шэсцьдзесят эсэ на беларускай , рускай , кітайскай мовах не толькі з нашай Беларусі і Кітая , але і з Расіі і Польшчы. Сярод пераможцаў сям’я Бугаёвых з Віцебска , намеснік дырэктара сумеснай кампаніі ЗТЕ Уладзімір Спірын , мінская студэнтка Алена Бірукова , ветэраны працы Валерый Васілеўскі з Глузка і мінчанін Анатоль Свяцкі , усяго дванаццаць чалавек. Па выніках конкурсу ў адным з нашых выдавецтваў выйдзе зборнік лепшых прысланых работ. Урачыстае закрыццё Міжнароднага конкурсу і ўручэнне прызоў адбудзецца 21 сакавіка ў атэлі “ Пекін”. Можна было б і далей распавядаць пра ўдзельнікаў конкурсу , бо кожны з іх унёс нейкую сваю яркую фарбу ў цудоўны малюнак нашага сяброўства і ўзаемадзеяння. Я ж хацеў бы падкрэсліць разам з тым імкненне простых людзей да ўзаемаразумення , да знаходжання агульных мэтаў і дасягнення агульных здзяйсненняў. У наш няпросты час , калі ў свеце так шмат супрацьстаянняў на этнічнай , рэлігійнай, міжасабістай глебе, калі галаву падымае ксенафобія , шавінізм і проста нацызм , вельмі важна шукаць тое , што аб’ядноўвае людзей у імкненні да згоды , паразумення , супрацоўніцтва. Магутны Кітай з вялікай гісторыяй і наша Беларусь , краіны , якія раздзяляюць тысячы кіламетраў , якія маюць розныя традыцыі , розныя мовы , розныя звычкі вось гэты вялікі шоўкавы шлях збірае на супольную працу і на шчырае сяброўства. І прыемна , што мы , журналісты , спрыяем гэтым высакародным і стваральным справам. І завяршыць хачу зноў цытатай з аднаго з дасланых на конкурс эсэ. Гэтыя словы належаць Алене Бугаёвай з Віцебска : “Думаю , што і ваш цудоўны конкурс , у якім мы ўдзельнічаем усёй сям’ёй, таксама прынясе вялікую карысць . Бо ён не проста знаёміць з нашым вялікім сябрам Кітаем, але расказвае пра сяброўства нашых краін. Сябры – гэта моцна ! Гэта – сіла!” Што тут скажаш ! Сапраўды, няма нічога мацнейшага за сапраўднае сяброўства ! Гэта , напэўна і ёсць галоўны вынік нашага конкурсу.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: