Днямі ў старажытным Полацку адзначылі дзень памяці прападобнай Еўфрасінні, слыннай унучкі легендарнага Усяслава Чарадзея, святой заступніцы роднага народа.
Шмат палачан і паломнікаў з розных куткоў Беларусі і іншых краін прайшлі хросным ходам да манастыра, да цэркаўкі Спаса, заснаванай самой Еўфрасінняй, дакрануліся вуснамі да ракі з мошчамі святой, у чарговы раз уславілі яе імя.
Праз мясцовую газету кіраўнікі раёна звярнуліся да чытачоў з такімі словамі: “Няхай Дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай прыўнясе ў ваша жыццё больш святла і цеплыні, а справы беларускай асветніцы, прасякнутыя высокай духоўнасцю і любоўю, стануць узорам і стымулам для здзяйснення добрых спраў.”
А мне ўзгадалася, як у далёкія ўжо сямідзесятыя гады мінулага стагоддзя, калі я працаваў у той жа газеце, майго старэйшага калегу нават хацелі пакараць вымовай за тое, што ён напісаў невялікую нататку пра асветніцу напярэдадні дня яе памяці.
Я, дарэчы, жыў з бацькамі ў хаце побач з манастыром, і не мог тады ўявіць нават, што наша сціплая вулка будзе калі-небудзь насіць імя Ефрасінні Полацкай. Згадаваю пра гэта не таму, што хачу кінуць папрок ці пакрытыкаваць каго-небудзь, час быў такі, а таму, што хачу пацвердзіць не мною выказаную ісціну, што сіла сапраўднай веры і праўды заўсёды павінна перамагаць.
Гэтая сіла памагала людзям вытрымліваць самыя жорсткія выпрабаванні, захоўваць сваю мову, традыцыі, ідэалы. Гэта было даказана не раз у айчыннай гісторыі і знайшло ўвасабленне ў самай жорсткай вайне дваццатага стагоддзя, калі пад пагрозай было жыццё і існаванне цэлых народаў і нацый. І мой бацька ў акопах пад шквальным варожым агнём верыў у перамогу, верыў у вызваленне роднага краю ад фашысцкіх захопнікаў.
Гэтая вера не мае матэрыяльнага ўвасаблення, яна не паддаецца імгненным спакусам, яна гатовая стойка трываць, нягледзячы на зламысныя закіды і памкненні.
Колькі разоў людзі стаялі перад выбарам, колькі розных “дабрадзеяў” хацелі, каб яны страцілі гэтую сілу, каб прамянялі яе на нешта больш выгоднае... Ды не, яна трывала, яна жыла, яна дапамагала выстаяць сярод віхур і навалаў.
І гаворка тут ідзе не толькі пра царкву, касцёл, мячэць, сінагогу ці будыйскі храм. Вера выяўляецца і ў адносінах да блізкіх, сям’і, сяброў, роднай дзяржавы. Верай у высокія ідэалы пазначана жыццё гераічных асоб, велічных постацяў у нашай гісторыі.
Вера мацуе сілы і памкненні, калі мы разважаем пра лёс Радзімы, свайго народа, пра будучыню дзяцей і ўнукаў...
Моцнай сілы і светлай веры вам, сябры!