
Калі прыняць за аснову славутае выказванне пра архітэктуру, як пра застыўшую музыку, то можна сказаць, што днямі ў Еўропе загучала і беларуская мелодыя. Эксперты пяці еўрапейскіх краін нядаўна ў Мінску абмеркавалі пытанні падрыхтоўкі транснацыянальнай намінацыі ў Спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА і згадзіліся з прапановай унесці ў гэты спіс архітэктурны ансамбль Праспекта Незалежнасці ў нашай сталіцы.
Гэта не першая такая прапанова. Дзесяць год галоўная магістраль горада знаходзілася ў так званым папярэднім спісе, але ў 2014-м годзе аб’ект з яго знік. Зараз эксперты зноў вярнуліся да ідэі ўключыць Праспект Незалежнасці ў спіс ЮНЕСКА.
Што ж, гэта будзе дастойны довад для шматлікіх турыстаў наведаць нашу краіну і пазнаёміцца з яе адметнымі выдатнасцямі. Сёння гэты аб’ект можа дадацца да ўжо існуючых чатырох, уключаных у спіс сусветнай спадчыны. Гэта, нагадаю, Белавежская пушча, замкавы комплекс “Мір”, архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы і сусветна вядомае геадэзічнае збудаванне “Дуга Струве”.
Што ўласна да галоўнага праспекта сталіцы, то вельмі цікавая не толькі яго архітэктура, але і яго гісторыя. Згодна карце 1800 года, гэта была самая шырокая вуліца горада – 16 метраў. Цалкам Захар’еўскую вуліцу забудавалі да 1810 года, а ўжо праз сем гадоў будучы праспект “расцягнулі” ад сучаснага Гарадскога Вала да цяперашняй Плошчы Перамогі.
Не надта рэкспектабельны выгляд мела вуліца многія гады, а ў дваццатым стагоддзі, падчас Вялікай Айчыннай вайны, і ўвогуле была амаль цалкам разбурана. Пасля вызвалення ад захопнікаў на галоўнай мінскай вуліцы – тады яна называлася Савецкай — заставалася не больш за дзесятак ацалелых будынкаў.
Сучасны Праспект Незалежнасці будавалі з 1944 па 1956 гады. З павілястай крываватай вуліцы шырынёй 18-26 метраў яна ператварылася ў прамы і прасторны праспект шырынёй 48 метраў.
Цяперашняй галоўнай магістралі ўласцівыя гарманічнасць і адзінства забудовы. Прынамсі, так сцвярджаюць спецыялісты.
Забудова выканана, што гаворыцца, “пад адзін карніз”, а ўздоўж выразна акрэсленых ліній чаргуюцца жылыя і грамадскія будынкі. Фасады амаль усіх з іх маюць агульныя стылістычныя прыкметы і падпарадкаваны адзінай структуры.
Думаецца, што не лішнім будзе яшчэ раз зірнуць на гэтую перліну горадабудаўніцтва і тым, хто жыве побач ці ў іншых гарадах Беларусі. Не варта адмаўляць нядаўным папярэднікам у творчых знаходках. Кожны перыяд нашай гісторыі пакідае для нашчадкаў здабыткі, увекавечаныя, ў тым ліку, і ў архітэктуры.
Міжнароднае прызнанне працы беларускіх архітэктараў – важкі ўнёсак у скарбонку найлепшых дасягненняў айчыннай культуры.