
Хто з нас не чытаў у свой час паэтычную драму Аляксандра Пушкіна “Моцарт і Сальеры”?. І хоць сёння гісторыкі сцвярджаюць, што класік не зусім дакладна распарадзіўся фактамі і Сальеры на самай справе не атручваў геніяльнага кампазітара, але гэты вобраз стаў хрэстаматыйным у вызначэнні зайздроснікаў, якія гатовы на ўсё, каб нашкодзіць словам, думкай ці справай людзям паспяховым, таленавітым, а то і проста суседзям і сябрам.
Дазволю сабе адну цытату:
“Паверце, што зайздрасць – гэта агромністая праблема нашага грамадства! Напрыклад, дзе яшчэ так нахабна могуць пытацца, колькі ты зарабляеш? А многія нават баяцца расказваць, што ў іх усё добра, каб не назбіраць вакол сябе грамаду зайздросных ворагаў. Часам нехта нават выдумвае “беды” і бядоліць над сваім лёсам, абы не сустрэцца з зайздрасцю іншых. Людзі зайздросцяць усяму – фінансам, здароўю, цвярозаму мужу, добрым дзецям, добрай працы і г.д.
Магчыма, многія з нас не маюць і не мелі такіх праблем з зайздрасцю, а бачым яе толькі вакол нас. Але для нас важна зразумець, адкуль бярэцца зайздрасць. Яе корань – у нашым эгаізме і няздольнасці ахвяраваць сябе іншым. Зайздрасць нібы пераконвае, што табе нехта нешта павінен, але не ты. Зайздрасць нараджаецца з адсутнасці шчодрасці і ахвярнасці. Часам мы некаму нешта там і зробім, але чакаем потым узнагароды, удзячнасці. Мы часта не можам ахвяравацца вось проста так, ні за што.”
Гэта піша ў адным з беларускіх часопісаў святар Аляксандр Жарнасек. Добра памятаю Сашу Жарнасека, які бываў у нас дома ў Наваполацку з мамай-пісьменніцай, быў равеснікам маіх дзяцей, вучнем адной з наваполацкіх школ.
Ён выбраў сабе лёс служыць Богу і людзям.
У дадзеным выпадку нельга не пагадзіцца з яго развагамі. Як і з развагамі аднаго блогера ў інтэрнэце. Цытую на мове арыгінала:
“Но мы почему-то успеху соседа никогда не обрадуемся. Пусть лучше у него корова сдохнет. Вот тогда нам хорошо и благостно становится на душе. Тогда мы даже подойдем к нему, обнимем за плечи, посочувствуем. Неискренне, конечно, но так лучше можно насладиться своей радостью. Своим злорадством, точнее. Это же триумф нашего внутреннего злобного карлика!” Канец цытаты.
Безумоўна, свет складаецца не толькі з такіх людзей. Я мог бы прывесці нямала прыкладаў і сяброўства, і спагады, і спачування.
Дык вось на гэтым фоне зайздрасць, хцівасць, зларадства выглядаюць найбольш пачварна і агідна.
А самае страшнае, што гэткую якасць не заўсёды можна распазнаць. Зайздроснік умела маскіруецца пад сябра, чулага і спагадлівага чалавека.
Старыя людзі і народная мудрасць сцвярджаюць, што гэтае агіднае пачуццё з’ядае душу і цела яго ўладальніка. Нездарма існуе прымаўка “Не рый яму іншаму, сам можаш у яе трапіць.
Давайце ж заменім зайздрасць на больш высакародныя чалавечыя пачуцці!