Падзяліцца:
Роздум. Што сёння робіць нас мацней... Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
5 кастрычніка 2017
Роздум. Што сёння робіць нас мацней... Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Ніводнага са сваіх дзядоў мне бачыць не давялося. Ведаю толькі, што адзін з іх быў простым рабочым-будаўніком, бацькам чатырнаццаці дзяцей, другі – настаўнікам рэлігійнай школы, “толькі кніжкі чытаць і ўмеў”, як характарызавала яго мая любая бабуля. На долю шчырай працаўніцы і гаспадыні даставалася нямала мужчынскай работы: трымала паром праз раку Ула на Шуміліншчыне, каб карміць і ўтрымліваць і мужа-кніжніка, і пяцёра дзяцей, двое з якіх потым загінулі ў Вялікую Айчынную… Ды час быў такі, што пра паходжанне і радавод гаварыць было неяк не прынята, дый, бывала, небяспечна. Затое, як часам бывае патрэбна зазірнуць ва ўласны радавод, пашукаць у сваіх каранях адказ на многія пытанні, што паўстаюць падчас роздуму над уласным жыццём, над праблемамі, якіх нямала паўстае ў паўсядзённасці. Сёння пошук уласных радаводаў становіцца добрай модай. Можна, канешне, паіранізаваць, як былыя партработнікі абавязкова хочуць даказаць сваё шляхетнае паходжанне, але ўсё ж традыцыйныя сямейныя каштоўнасці сёння той падмурак, на якім будуецца для многіх уласнае жыццё. І ці не важна казаць малым, што, да прыкладу: “у нашай сям’і заўсёды было так…”, ці “што твае продкі заўсёды славіліся майстэрствам і сумленнасцю“, або: ”у нашым родзе ніколі не было злодзеяў і махляроў...”? Пасля розных сусветных узрушэнняў, сексуальных і іншых рэвалюцый, мы ўсё роўна цягнемся да традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. У бурлівым і часам штармавым жыццёвым моры сям’я – надзейны востраў, самае неабходнае апірышча душы і цела. Безумоўна, нельга вярнуцца да тых патрыярхальных забабонаў, да тых сярэднявечных звычаяў, якія таксама бытавалі ў нашых продкаў. Але ўзяць з мінулага галоўнае, каб рухацца наперад, - гэта часам бывае важнейшым за многія гучныя прамовы і заклікі. Некалі, яшчэ савецкім часам, было папулярнае выслоўе “моцная сям’я – моцная дзяржава!” Калі адкінуць фармалізм і дэкларатыўнасць, у гэтых словах – глыбокі сэнс і мудрасць. Моцная дзяржава будуецца таксама на прынцыпах пераемнасці, на захаванні традыцый, на прыкладах станоўчых рысаў свайго народа. І зазіраючы ў мінулае ўласнай краіны, уласнага народа, можна і трэба шукаць тое, што аб’ядноўвае, цэментуе і множыць усё лепшае, што выпрацоўвалася і загартоўвалася ў стагоддзях. Невыпадкова сёння мы шукаем і знаходзім шмат таго з уласнай гісторыі, чаго не ведалі, што хавалася за напластаваннямі часу і нашай абыякавасцю, што сёння робіць нас мацней і больш трывалымі, бо, як казаў паэт, мы не поле, што пустазеллем засеяна. І так ад малой, уласнай сям’і, ад спрадвечных каштоўнасцяў – да сям’і вялікай, якая Радзімай завецца!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: