
Недзе ў канцы васьмідзесятых гадоў ужо мінулага стагоддзя мне давялося пабываць ў Балгарыі ў Міжнародным Доме журналіста ў курортным гарадку Варна. Чаму я раптам згадаў тую паездку? Нават не таму, што было шмат цікавых сустрэч, што там ласкавае мора і выдатная прырода.
Гэты ўспамін прыйшоў да мяне падчас нядаўняй звычайнай паездкі ў мінскім тралейбусе.
Але спачатку пра Варну. Наш балгарскі сябра Георгій прапанаваў наведаць прыморскую вёску, дзе жывуць рускія стараверы. Ехаць туды трэба было на звычайным рэйсавым аўтобусе.
Скажу адразу, што гэтае падарожжа мне падалося дужа падобным на паездкі з полацкага аўтавакзала ў сельскую глыбінку. Гэтак жа поўна пасажыраў з цяжкімі валізкамі, са стаячымі ў праходзе маладымі і пажылымі людзьмі.
Адзін такі балгарскі селянін вёз пеўня ў клетцы. І гэта выклікала вялікае ажыўленне ў салоне. У яго адрас сыпаліся пытанні, ён нешта адказваў, гучаў шчыры бяззлобны смех. Георгій растлумачыў, што людзі жартуюць і весяляцца, і гаспадар прыгужана з чырвоным грэбнем не толькі не крыўдуе, а наадварот, актыўна падтрымлівае гаворку. І ўвогуле ніхто не скардзіцца на цеснату і нязручнасці.
У мінскім жа тралейбусе стаяла цішыня. Усе ці амаль усе пасажыры нешта вышуквалі ў сваіх мабільніках. Побач з маладым чалавекам з навушнікамі на галаве ператаптвалася з нагі на на нагу старэнькая бабулька, але той яе відавочна не заўважаў, настолькі быў захоплены музыкай у сваіх вушах, якой ён інтэнсіўна дапамагаў, рухаючыся ў такт галавой і целам.
“Што яны ўсе бачаць у сваіх смарфонах?” – думаў я, назіраючы, як водзяць пальцамі па экранах прылад не толькі маладыя, але ўжо і дарослыя мужчыны і жанчыны.
Увогуле, мне здаецца, некаторыя з мабільнікамі не расстаюцца нават апраўляючыся па жыццёвай патрэбе ці кладучыся спаць.
Але той, хто захапіў яшчэ не цалкам камп’ютарны час, яшчэ рэагуе на навакольны свет.
Я сутыкнуўся некалькі разоў ужо з зусім дзіўнымі паводзінамі некаторых маладзёнаў. Уяўляеце – яны дэманстратыўна зусім не рэагуюць на тое, што адбываецца вакол. На маё звычайнае пытанне “як прайсці па незнаёмым адрасе” мілавідная бландзінка прайшла міма, нават брывом не павяла. Нават не тое, што не адказала, было ўражанне, што яна проста мяне не бачыць. Падобны ж эпізод паўтарыўся ў метро, калі я нясмела папытаўся, ці выходзіць хлопец з вялікім заплечнікам на наступным прыпынку, які перагарадзіў сваёй магутнай паставай дзверы.
“А можа яны іншапланецяне?” – мільганула думка.
Ведаеце, мне стала страшнавата. Я ўзгадаў, як у вёсках на Полаччыне дзеці і дарослыя віталіся з зусім незнаёмымі людзьмі, як часта ў чэргах ці ў вагонах электрычкі завязваліся нязмушаныя размовы, як маладыя людзі дапамагалі незнаёмым бабулькам перайсці дарогу ці паднесці цяжкую сумку.
Няўжо мы ператвараемся ў халодных робатаў, якіх, каб ажывіць, трэба памяняць усю праграму?
Няўжо віртуальны свет ужо становіцца для некаторых важнейшым за рэальны? Няўжо маленькі экран смартфона становіцца галоўным і адзіным вакном у рэчаіснасць?
Магчыма, я перабольшваю, але, далі Бог, думаю, такое трывожыць не толькі мяне.