Падзяліцца:
“Роздум. Што за ўзростам?” Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
10 кастрычніка 2019
“Роздум. Што за ўзростам?” Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Звярнуў увагу на допіс у расійскай «Литературной газеце» пісьменніка Ільі Канстанцінава «Чаму зоркі маладзяцца». У ім аўтар задае сярод іншых пытанне, чаму стала модна ўтойваць свой узрост, штучна маладзіцца самымі даступнымі і недаступнымі спосабамі. Як іранічна сцвярджае аўтар, сёння немагчыма сабе ўявіць, скажам, моднага пісьменніка са знешнасцю Льва Мікалаевіча Талстога – у касаваротцы і ботах. Не кажучы ўжо аб сённяшніх кумірах эстрады, якія лічаць за гонар выглядаць на дзесяткі год маладзей за свой сапраўдны ўзрост. Безумоўна, у палемічным запале аўтар часам і згушчае фарбы, спрошчвае праблему, але тое, што інфантыльнасць, імкненне да штучнай маладжавасці сёння прысутнічае ў многіх сферах мастацтва, літаратуры, і ўвогуле культуры, адмаўляць не даводзіцца. Як быццам знешнія прыкметы фізічнага старэння нейкая загана ці недахоп. Думаецца, вы пагодзіцеся, што мудрыя людзі, нашы даўнія куміры ў мастацтве, палітыцы, філасофіі менш за ўсё думалі пра сваю знешнасць, самае галоўнае, што ў іх былі маладыя вочы і разумныя думкі. Ды і мы менш звярталі ўвагу на колькасць зморшчынак на іх тварах і сівізны ў валасах. У сеціве зараз можна знайсці нямала звестак пра тое, хто і калі з вядомых людзей зрабіў пластычную аперацыю, у якіх клініках мяняў сваю знешнасць, нібыта нехта з іх ад гэтага мудрэў ці па-сапраўднаму маладзеў. Падмануць прыроду цяжка. Ды і навошта гэта рабіць? Іншая справа, што ў пагоні за такой маладосцю часам нават і паважаныя ў свой час былыя куміры ў літаральным сэнсе здзяціньваюцца, дэманструючы безгустоўнасць або яўную пошласць. А грамадства з прыхаванай насмешкаю глядзіць на бясконцыя прыгоды немаладых людзей з жаданнем даказаць, што яны – ух, якія рысакі. Можна зразумець, што гэта ў пэўным сэнсе непрыняцце бязлітаснасці часу і страта ўнутранай гармоніі з самім сабой, што прыводзіць да парадаксальных, нават анекдатычных сітуацый. І гэта было б проста смешна, калі б не адбівалася на густах тых, хто наведвае канцэрты, бывае на выставах, чытае кнігі. Сталасць і нават старасць мае свае прывілеі, сваю прыгажосць. Гэта ўзрост роздуму і філасофскага асмыслення жыцця, гэта мудрыя парады не толькі маладзейшым, але і сваім равеснікам, сучаснікам. У сталыя гады многія пісьменнікі, артысты, мастакі, музыканты нараджалі шэдэўры сапраўднага мастацтва, пакідалі нам філасофскія трактаты. Гэта цяпер часам падмяняецца нейкімі штучнымі падробкамі, каб адцягваць чалавека ад сапраўдных думак і пачуццяў, гэткая ілюзія вечнай нават не маладосцці, а падлеткавасці. Аксіома, што маладым можа быць чалавек са сваёй душой, адкрытай і шчырай, здольнай перажываць высокія пачуцці, адгукацца на ўсе павевы часу, рэагаваць на складаныя падзеі жыцця. А што да знешнасці? Прыгледзьцеся, колькі вакол прыгожых, усмешлівых людзей, колькі бляску і агеньчыкаў у іх вачах!.. І ці заўсёды мы ў першую чаргу думаем пра іх узрост?..
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: