Падзяліцца:
“Роздум. Шукаючы адпаведнасць...” Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
22 Лістапада 2018
“Роздум. Шукаючы адпаведнасць...” Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Чалавеку, дзяцінства якога прыйшлося на апошнія дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя, не тое, што ўявіць, нават у страшэнным сне не магло прыйсці ў галаву тое, што сёння лічыцца нормай. Памятаю, кока-кола і гумка былі прыкметай пачварнага ладу жыцця, занядбання ўсіх маральных прынцыпаў. А калі б хто ўбачыў і пачуў па тэлевізары шакуючыя падрабязнасці інтымнага жыцця любімых артыстаў ці іншых папулярных асоб, то ў некаторых, як цяпер модна казаць проста б “дах знесла”. Апошні выраз таксама не мог бы прагучаць з маіх вуснаў публічна, бо гэта было б непрыстойна. Ні журналісты, ні тым больш публічныя асобы, не мелі права сабе дазволіць жаргонныя слоўцы. Але гэта яшчэ паўбяды. Каб пабачыў чалавек таго часу маладзіц у рваных штанах, хлопцаў з кальцом у носе ці распісаных татуіроўкай на зайздрасць усяму крымінальнаму свету… Уявіце сабе рэакцыю!.. Па вуліцах сноўдаюцца сотні юных і не зусім грамадзян, якія гучна размаўляюць самі з сабой. Толькі пільна прыгледзеўшыся, можна ўбачыць у іх вушах правадкі, праз якія яны, не гледзячы па баках, кантактуюць са сваімі нябачнымі суразмоўцамі… І гэта толькі знешнія прыкметы. Дваццаць першае стагоддзе прынесла нямала сапраўдных цудаў, пра якія не маглі марыць нават самыя смелыя фантасты. Напрыклад, магчымасць весці пісьмовы і вусны кантакт з адрасатам у любой кропцы планеты ў рэжыме рэальнага часу, за лічаныя гадзіны пераадольваць адлегласці ў тысячы кіламетраў, даведвацца пол дзіцяці задоўга да яго нараджэння, ды гэтых дзівосаў можна пералічваць яшчэ доўга. Нас акружаюць тысячы відаў разумных машын з інтэлектам, які, да прыкладу, можа выйграць шахматную партыю ў самага моцнага грасмайстра, адказаць на пытанне па тэлефоне, адшукаць рашэнне складанай задачы… І ў той жа час мы самі засталіся часам на ўзроўні, досыць далёкім ад дасканаласці цудаў навуковага прагрэсу. Больш за тое, некаторыя сталі нагадваць па паводзінах славутага героя булгакаўскага рамана “Сабачае сэрца“ – пра тое, як гены сабакі перамаглі ў выведзенага прафесарам Прэабражэнскім са звычайнай дварнягі экземпляра чалавека. На жаль, і прозвішча вядомага пісьменніка, і яго героя далёка не ўсім маладым людзям нешта скажа. Сённяшнія школьнікі, не ўсе вядома, проста ўражваюць сваім цемрашальствам. Для іх больш вядомыя і папулярныя асобы іншага кшталту, з якімі яны сустракаюцца ў тым жа інтэрнэце, на розных тусоўках і экшнах. Мы сталі меньш чытаць кніг, нават не харошых, але і рознага літаратурнага шырспажыву, якім напоўнены паліцы кнігарань. Дабрыня і спагада сталі лічыцца ў пэўнай часткі людзей прыкметай слабасці, грашовыя інтарэсы выйшлі на першы план, і дзівацтвам здаецца многае, што вызначалася раней як высакароднасць і прыстойнасць. Іншымі словамі, прагрэс і дасягненні навукі, на жаль, не паўплывалі на ўдасканальванне чалавека, яго маральных якасцяў. Але марна думаць, што гэта новае стагоддзе вінаватае. Нельга ісці з павернутай галавой назад. Таму варта шукаць адпаведнасць імкліваму руху часу, не забываючыся на ўсё вартае, што дало нам мінулае і шматавяковы досвед чалавецтва.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: