Падзяліцца:
«Роздум. Скарб, які выкінуць немагчыма». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
25 студзеня 2018
«Роздум. Скарб, які выкінуць немагчыма». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Сярод самых розных штодзённых навін, якімі поўніцца інтэрнэт, маю ўвагу прыцягнула адно паведамленне, якое выклікала цэлую буру думак і эмоцый: у турэцкім горадзе Анкара стварылі новую бібліятэку з выкінутых кніг. Размясцілася яна на тэрыторыі адной з закінутых фабрык і складаецца з кніг, якія былі выкінутыя іх былымі ўладальнікамі на звалку. Нераўнадушныя людзі падабралі літаратуру і такім чынам уратавалі кнігі ад знішчэння. Цяпер у фондзе стыхійна ўзніклай бібліятэкі, які пастаянна папаўняеццца, звыш пяці тысяч экземпляраў, сярод якіх творы сусветных класікаў і сучасных аўтараў. Я ўзгадаў, прачытаўшы гэта, дзяцінства, сціплую этажэрку ў бацькоўскай хаце і некалькі першых уласных кніг, якія мне куплялі тата і мама на дзень нараджэння. Дарэчы, як толькі я стаў запрашаць аднакласнікаў на свае дзіцячыя імяніны, я чакаў, затаіўшы дыханне, якія кнігі яны мне падораць. Адна з самых любімых, памятаю, была кніга «Марскія апавяданні» Станюковіча, якую падарыла мне мама. Не раз перачытваў я цікавыя гісторыі пра мора і маракоў, і асабліва ўпадабаў апавяданне пра маленькага чарнаскурага хлопчыка, якога падабралі проста ў хвалях пасля шторму. Для матросаў ён стаў сапраўдным агульным любімцам і выхаванцам, і стары суровы марскі воўк стаў яму другім бацькам, назваўшы малечу славянскім імем Максімка. Гэтая кніжная гісторыя мела праз шмат гадоў нечаканы працяг. Калі мы з жонкай рашылі назваць сына, які нарадзіўся, Максімам, мама, якая на той час была ўжо смяротна хворая, узгадала падораную ёй мне кнігу і захапленне гісторыяй пра маленькага Максімку. Так у імені майго сына спалучыліся і любоў да Максіма Багдановіча, і шчымлівы ўспамін пра дзіцячае чытанне. Кніга… Напэўна, нічога больш значнага для мяне ў гады майго дзяцінства не было. Гадзінамі праседжваў у бібліятэцы, дзе ўпершыню пазнаёміўся з творамі Талстога і Чэхава, Караткевіча і Мележа… У часы так званага кніжнага буму «здабыць» дэфіцытную літаратуру лічылася таксама вялікім шчасцем. Кнігі на паліцах кватэр павінны былі сведчыць не толькі пра дабрабыт гаспадароў, але і пра іх інтэлектуальны і духоўны свет. На жаль, сёння, што і пацвярджае згаданая інфармацыя, гэтага ўжо няма. Але тое, што гэтыя неацэнныя скарбы чалавечай мудрасці, таленту і высокага духу можна адшукаць на сметніку, нічога, крамя роспачы і гневу выклікаць не могуць. Кнігі ж яшчэ і плён працы розных людзей – пісьменнікаў, мастакоў, рэдактараў, карэктараў, друкараў. Яны сагрэтыя іх дыханнем, захоўваюць цеплыню іх рук... Ды ўсё ж мае сумныя думкі, нібыта падслухаўшы, пастаралася развеяць іншае паведамленне, якое я ўбачыў у той жа інфармацыйнай стужцы. У ходзе святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў мінулым годзе Нацыянальная бібліятэка Беларусі аб’явіла дабрачынную акцыю «Кніга –крыніца мудрасці ведаў і навукі», арганізаваўшы збор кніг для сацыяльных устаноў і бібліятэк усіх рэгіёнаў краіны. За час праекта больш за 14 тысяч кніг перададзена ў дзіцячыя дамы і сацыяльныя ўстановы Беларусі. Значыць, падумаў я, кніга па-ранейшаму запатрабаваная, і ёсць людзі, якія гатовыя падзяліцца гэтым неацэнным скарбам. Значыць, ёсць надзея, што гэты скарб чалавечай мудрасці і таленту не стане непатрэбнай рэччу, не акажацца выкінутым на сметнік. Бо інакш чалавецтва незваротна пагубіць тое каштоўнае і значнае, без якога нельга ўявіць яго трываласць і духоўнае здароўе.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: