
Дабрыдзень, сябры!
Скажыце, калі ласка, калі вы апошні раз былі ў музеі? Не ў час адпачынку за межамі краіны, запісаўшыся на арганізаваную экскурсію, а ў родным горадзе, усёй сям’ёй, пазнаючы гісторыю свайго краю?
Калі пабывалі - добра, а калі не - ўсё ж знайдзіце час і завітайце, бо музеі – гэта сховішчы і мудрасці стагоддзяў, і людской памяці, і духу нацыі.
Пра сённяшні стан беларускіх музеяў, пра іх ролю ў паўсядзённым жыцці народа ішла размова на трэцім Нацыянальным форуме музейных работнікаў, які прайшоў нядаўна ў Магілёве. Сёлетні форум "Музеі Беларусі", ў Год культуры, як паведаміла агенцтва БЕЛТА, быў прысвечаны тэме "Музеі ў новай крэатыўнай эканоміцы".
Усяго ў экспазіцыйнай і дэманстрацыйнай праграме было 120 суб'ектаў, з іх 98 музеяў сістэмы Міністэрства культуры, 9 - Міністэрства адукацыі, па адным - міністэрстваў аховы здароўя, спорту і турызму, і 11 кампаній-партнёраў музеяў.
Як адзначыў міністр культуры Барыс Святлоў, толькі летась колькасць наведвальнікаў музеяў вырасла на 5% да ўзроўню 2014 года, дасягнуўшы лічбы - больш як шэсць мільёнаў чалавек.
Музеі сёння сталі больш прывабнымі для наведвальнікаў, бо пошук новых форм работы, выкарыстанне найноўшых сродкаў падачы матэрыялу дазволілі адысці ад пасіўнага сузірання, ад аджыўшых прыёмаў і метадаў падачы матэрылу.
Да прыкладу, маглі б вы раней ўявіць, каб у музеі Янкі Купалы можна было ўбачыць галаграфічнае адлюстраванне песняра і нібыта яго жывую постаць, якая прагульваецца па экспазіцыі?
Атрымалі распаўсюджанне аўдыё і відэагіды на некалькіх мовах, у музейных экспазіцыях ажываюць старонкі гераічнай гісторыі краю, праводзяцца гульні.
Як дэкларавалі арганізатары форуму, “сёння музей як сацыяльны інстытут з’яўляецца прасторай для распаўсюджвання культурных ініцыятыў, развіцця творчага патэнцыялу чалавека. Гэта – адкрытая і даступная пляцоўка для кожнага, незалежна ад яго поглядаў, сацыяльнай і рэлігійнай прыналежнасці”
На форуме было нямала прыкладаў такой творчай ініцыятывы, той крэатыўнай дзейнасці, якая садзейнічае пашырэнню ведаў людзей, развіццю іх творчай актыўнасці.
Я магу спыніцца толькі на дзейнасці Нацыянальнага мастацкага музея, які ўзначальвае выдатны спецыяліст, па-сапраўднаму творчы чалавек Уладзімір Пракапцоў. Маглі б раней уявіць мінчане і госці сталіцы, каб да ўваходных дзвярэй музея выстройвалася вялізная чарга, каб на імпрэзах можна было не толькі пазнаёміцца з работамі і іх аўтарамі, але і пачуць цудоўную музыку, паслухаць вершы?
Сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі захоўваецца больш як 30 тысяч экспанатаў, якія складаюць 20 калекцый і 2 зборы нацыянальнага і сусветнага мастацтва, у тым ліку творы майстроў Заходняй Еўропы і краін Усходу 15-20-га стагоддзяў.
А выставы! Зараз тут дэманструецца экспазіцыя старадаўніх абразоў з калекцыі Ватыкана, у адкрыцці якой прынялі ўдзел іерархі галоўных рэлігійных канфесій краіны.
Ужо некалькі гадоў працягваецца работа над стварэннем першага ў Мінску музейнага квартала, які аб’яднае цэлы комплекс галерэй. Тут адчыняцца новыя павільёны з творамі беларускага мастацтва, крамы карцін і сувеніраў, дзе будуць прадавацца творы сучасных майстроў і копіі работ класікаў, мастацкія альбомы і паштоўкі.
У музейным квартале з’явіцца ўнутраны дворык пад шкляным дахам, парк скульптур, дзе можна будзе атрымаць асалоду не толькі ад твораў выяўленчага мастацтва, але і музыкі ў выкананні вядомых майстроў.
Свой першы паход у музей у родным Полацку я рабіў разам з аднакласнікамі шмат год таму. Галоўным экспанатам невялікай экспазіцыі тады было чучала магутнага сама, злоўленага рыбакамі ў Дзвіне.
Шчыра казаць, пра гісторыю свайго роднага месца ведалі мы вельмі мала, і гарадскі музей не надта дапаўняў гэтыя веды.
Сёння ў горадзе адзінаццаць музеяў, якія аб’ядноўвае Нацыянальны гісторыка-культурны запаведнік. Адзін з іх – музей беларускага кнігадрукавання, бо Полацк, як вядома, – радзіма нашага першадрукара Францыска Скарыны.
Дык што, сябры? Бярыце родных, запрашайце гасцей і – наперад! Вас чакаюць сотні музеяў нашай краіны, якія гатовыя адкрыць вам свае таямніцы, далучыць да высокага духоўнага свету мудрасці, да ўнікальных скарбаў думкі, слова, мужнасці і моцы народа!
Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.