Недзе напрыканцы васьмідзесятых ужо мінулага стагоддзя мне, маладому карэспандэнту Беларускага радыё, выпала нагода ўпершыню пабываць за мяжой – у міжнародным Доме журналіста ў балгарскай Варне. У першыя дні падчас знаёмства з калегамі з розных краін я ўзгадаў свой родны Полацк як радзіму ўсходнеславянскага друкара Францыска Скарыны. Прызнаюся, быў нямала здзіўлены, што ніхто з прысутных раней не чуў гэтага імя...
І хоць у маім родным горадзе ўжо стаяў помнік славутаму земляку, а на экранах кінатэатраў ішоў фільм пра яго з Алегам Янкоўскім у галоўнай ролі, імя Скарыны за межамі Беларусі ведалі не надта.
А нядаўна з цікавасцю прачытаў газетны матэрыял з Прагі, у якім сярод іншага карэспандэнт Інэса Плескачэўская прыводзіць словы міністра замежных спраў Чэхіі Любаміра Заараліка: “Я ганаруся, што Францыск Скарына звязаны з Прагай і чэшскай дзяржавай, што пяцьсот гадоў назад ён выкарыстаў гэта месца для друку сваіх кніг. Так былі закладзены асновы беларускай мовы і беларускай культуры. А гэта ў сваю чаргу - частка фундамента чэшска-беларускіх сувязяў.”
Можна, канечне, падыскутваць з шаноўным дыпламатам наконт стварэння Скарынам беларускай мовы, яна была значна раней створана самім народам, але галоўны пасыл чэшскага міністра, безумоўна, слушны і пазітыўны.
Гэта пацвердзілі і скарынаўскія дні ў Празе, у якіх прыняў удзел Міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Беларусі. Падчас сустрэч у чэшскай сталіцы ўдзельнікі беларускай дэлегацыі не толькі ўдзельнічалі ў культурных мерапрыемствах.Дамовіліся аб пашырэнні кантактаў не толькі на ўзроўні міністэрстваў, але і іншых урадавых структур. Бакі адзначылі, што да 193-х сумесных прадпрыемстваў, якія паспяхова працуюць, будуць дадавацца новыя, эканамічныя і культурныя сувязі будуць развівацца.
Кіраўнік нашай дэлегацыі падкрэсліў, што Беларусь хоча выбудоўваць добрыя эканамічныя і палітычныя адносіны з Еўрапейскім саюзам. ЕС, па яго словах, з’яўляецца другім па значэнні гандлёвым партнёрам для нашай краіны і мы зацікаўлены ў супрацоўніцтве як з цэлай структурай, так і з асобнымі краінамі.
А што тычыцца самой галоўнай мэты візіту, то ўдзельнікі скарынаўскіх дзён усклалі кветкі да памятнай дошкі на будынку Славянскай бібліятэкі і на месцы друку першай беларускай бібліі, адкрылі дзве мастацкія выставы, прысвечаныя Скарыну.
Міжнародны сімпозіум “Францыск Скарына і Прага” арганізавалі Нацыянальная бібліятэка Чэхіі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, пасольства нашай краіны. У ім удзельнічалі навукоўцы з Чэхіі, Беларусі і Літвы.
Як вядома, славуты палачанін нямала пападарожнічаў па еўрапейскіх краінах, быў не толькі вучоным, асветнікам, але і дыпламатам. І сёння яго імя садзейнічае пашырэнню нашых кантактаў, лепшаму разуменню міралюбівай знешняй палітыкі Беларусі.
Сёння ў свеце ўсё больш разумеюць, што Беларусь адкрытая для мірнага і плённага супрацоўніцтва, што пашырэнне стасункаў з рознымі краінамі, эканамічныя, палітычныя, культурныя сувязі з’яўляюцца асновай яе знешняй палітыкі.
Таму місія Скарыны як пасла міру і згоды, пачатая пяцьсот гадоў таму, набывае новае гучанне, служыць важнай і пачэснай справе.