Падзяліцца:
Роздум. Слова Купалы крочыць па свеце. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
14 Верасня 2017
Роздум. Слова Купалы крочыць па свеце. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё) Сёння ў Доме Райніса і Аспазіі ў Рызе адкрываецца выставачны праект "Два Яны - сустрэча ў Рызе, якая не адбылася", прысвечаны Янку Купалу і Яну Райнісу - паэтам, без якіх немагчыма ўявіць гістарычную і сучасную культурную прастору Беларусі і Латвіі. Улетку 1926 года Янка Купала стаў уладальнікам дома ў Мінску, які атрымаў назву "Дом пад таполяй" і хутка набыў славу літаратурнага салона. А ў лістападзе ў доме з візітам з'яўляецца асаблівы госць - Ян Райніс, ганаровы ўдзельнік Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Гэта запрашэнне - знак падзякі і павагі латышскаму паэту, які ў Сейме абараняў інтарэсы беларусаў. Пры яго падтрымцы развівалася беларуская адукацыя ў Латвіі, адкрываліся беларускія школы, гімназіі ў Дзвінску і Люцыне. Паводле яго асабістага запрашэння самадзейныя артысты з дзвінскай беларускай гімназіі прадставілі камедыю Янкі Купалы "Паўлінка" ў Рызе, на сцэне Нацыянальнага тэатра (1924). Восенню 1926 года Ян Райніс быў у доме Купалы частым госцем. Выставачны праект – спроба ўявіць гасцяванне нашага паэта ў доме Яна Райніса. Гэта далёка не адзіны замежны ваяж выставачных матэрыялаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. У красавіку ў грузінскім горадзе Багдаці пабывала выстаўка з фондаў музея пад назвай “Грузія дружная з сонцам краіна". Шчырае захапленне гэтай прыгожай зямлёй і яе народам знайшло адбітак у многіх вершах паэта. Яго творы не аднойчы перакладаліся на грузінскую мову. Слова Купалы пабывала і ў далёкім Парыжы. Вядомы пераклад Янкі Купалы з французскай мовы верша Э. Пацье “Інтэрнацыянал”, які ўпершыню быў апублікаваны пад назвай “Міжнародны гімн” у газеце “Савецкая Беларусь” 20 ліпеня 1921 года. У французскай сталіцы ў лютым адбылася вечарына – выстава “Завуся я толькі Янка Купала”, якую арганізавалі супрацоўнікі музея пры садзейнічанні пасольства нашай краіны ў Францыі. А зусім нядаўна, у верасні, у Шаўчэнкаўскім нацыянальным запаведніку ва ўкраінскім Каневе адбылося ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі. Яе назва – радок з паэмы Янкі Купалы “Тарасова доля,” прысвечанай Кабзару. Дарэчы, Янка Купала – першы перакладчык Тараса Шаўчэнкі на беларускую мову. Ён пераклаў дваццаць шэсць вершаў і паэм, а таксама прысвяціў Кабзару свае творы. У юбілейны для класіка нашай літаратуры год з купалавай спадчынай знаёміліся наведвальнікі музеяў і выставачных залаў таксама ў Маскве і Варшаве, у Кіеве, Львове, Адэсе, рыхтуецца выстава ў Тбілісі ў лістападзе ў рамках Дзён культуры Беларусі. Цёплыя словы трэба сказаць супрацоўнікам музея Песняра, іх энергіі і крэатыўнасці. Бо Купала, выказваючыся па-сучаснаму, такі ж брэнд Беларусі, як і ўсё лепшае, што мы дэманструем свету. З другога боку постаць Купалы, яго жыццё і творчасць сведчаць аб адкрытасці беларусаў свету, аб імкненні і жаданні мець па тых жа купалавых словах “...свой пачэсны пасад між народамі". Так вось сёння юбілей класіка айчыннай літаратуры становіцца важкай міжнароднай падзеяй і яго паэтычнае слова годна крочыць у розных краінах, дазваляе людзям бліжэй спазнаць душу і сэрца беларускага народа...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: