Падзяліцца:
27 ліпеня 2017
Кожны, хто сёння пабывае з экскурсіяй у слаўным Полацку, не абміне будынкаў былой Полацкай акадэміі, у якой месціцца гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Нібыта з сярэднявечча вярнулася ў сённяшні горад плошча са старажытным гадзіннікам, які спявае студэнцкі гімн Гуадэамус, сутонні калідораў, якія адкрываюць дзверы ў аўдыторыі, куды, здаецца, вось-вось увойдзе паважны студыюс, нечым падобны на свайго славутага земляка Францыска Скарыну. А яшчэ ў дзевяностых гадах мінулага стагоддзя гэта былі нічым непрыкметныя будынкі ваеннага шпіталя, які месціўся ў ацалелых старажытных мурах. А ў суседнім Наваполацку гэдак жа нічым асаблівым не выдзяляўся сціплы навабуд мясцовага політэхнічнага інстытута. Рэктарам інстытута ў той час быў Эрнст Міхайлавіч Бабенка. Гэта было яго другое вяртанне ў малады горад над Дзвіной. Да гэтага былы супрацоўнік Дзяржаўнага праектна-канструктарскага інстытута ў Чалябінску ўжо ўзначальваў навучальную ўстанову, прайшоўшы шлях ад выкладчыка, загадчыка кафедры да рэктара. Пасля была адказная праца ў Маскве ва Усесаюзным аб’яднанні “Саюзвуглевадарод”, і ў 1987 годзе таленавіты адміністратар і вучоны зноў вярнуўся ў Наваполацк на пасаду рэктара Наваполацкага палітэха. Мы не раз сустракаліся з Эрнстам Міхайлавічам, і ён распавядаў мне, якое моцнае жаданне было ў яго вярнуцца ў родную Беларусь, менавіта на Полаччыну. Гісторыя роднага краю захапіла былога плешчаніцкага хлопца ўдалечыні ад радзімы. І цэнтрам гэтага захаплення стала крывіцкая Мекка – старажытны Полацк. Дзе толькі можна, інжынер-электроннік і малады вучоны шукаў матэрыялы пра полацкую даўніну. Асабліва ўразіла яго гісторыя Полацкага езуіцкага калегіюма які ў 1812 годзе быў узведзены ў ранг Полацкай акадэміі. У XIX стагоддзі Полацкая езуіцкая акадэмія з'яўлялася буйнейшым адукацыйным цэнтрам Беларусі. Акадэміі былі падпарадкаваны езуіцкія школы ў Полацку і іншых гарадах,такіх як Орша, Дынабург (сённяшні Даўгаўпілс), нават Адэса. У складзе акадэміі былі факультэты: моў, грамадзянскага права, тэалагічны. Акадэмія мела багатую бібліятэку, друкарню, выпускала часопіс. Ідэя адрадзіць былую славу навучальнай установы, якую выказаў Эрнст Міхайлавіч,была, безумоўна, выдатная. Але, каб ажыццявіць яе, патрэбны былі выключнай цяжкасці намаганні. Па-першае, на той час у Беларусі было толькі два ўніверсітэты - ў Мінску і ў Гомелі. Па-другое, каб стаць універсітэтам, да існуючых факультэтаў тэхнічнага профілю трэба было дадаць гуманітарныя. Па-трэцяе, Полацк і Наваполацк былі абсалютна самастойныя гарады са сваім кіраўніцтвам і адміністрацыйным падпарадкаваннем. Да ажыццяўлення задумы далучылася шырокая грамадскасць. Але, безумоўна, галоўная заслуга ў гэтым належала Эрнсту Міхайлавічу. Цяжка нават уявіць, колькі яму давялося правесці работы, колькі адказных асоб пераканаць, і вось у 1993 годзе ў маладым горадзе паўстаў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Менавіта Полацкі, што неаднаразова падкрэсліваў рэктар. З гісторыка-філалагічным факультэтам, які праз некалькі год перамясціўся ў старажытны горад на былое месца акадэміі і нават у тыя будынкі, якія ад яе захаваліся. Гэта таксама было зрабіць няпроста, бо там размяшчаўся вайсковы шпіталь і трэба было пераадолець нямала міжведамасных перашкод, каб атрымаць іх у валоданне, рэстаўраваць і прыстасаваць да вучэбных заняткаў. Сёння гэта адзін са знакавых і прыгожых аб’ектаў старажытнага горада, у які вярнуўся дух культуры і асветы, сама ўнікальная аўра еўрапейскай вышэйшай навучальнай установы, полацкай мінуўшчыны. Сярод самых першых выпускнікоў Полацкага ўніверсітэта ўжо ёсць выдатныя вучоныя, журналісты, філолагі. Гэта працяг традыцыі, пераемнасць славы папярэднікаў. Універсітэт стаў цэнтрам культуры, навукі і асветы для двух гарадоў, здолеў аб’яднаць самыя розныя галіны, рыхтаваць спецыялістаў шырокага спектра – ад інжынераў-будаўнікоў, хімікаў да гісторыкаў і філолагаў з веданнем замежных моў. Цяпер Эрнст Міхайлавіч саступіў рэктарскую пасаду, застаўшыся прафесарам кафедры хімічнай тэхналогіі паліва і вугляродных матэрыялаў. Ён аўтар больш як ста навуковых работ, двадцаці шасці вынаходстваў у галіне хімічнай тэхналогіі паліва. Узнагароджаны ордэнам Дружбы Народаў, 3 медалямі, у тым ліку сярэбраным медалём ВДНГ СССР, Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі. Ганаровы грамадзянін Наваполацка і Полацка. Але самае галоўнае – ён адзін са спадкаемцаў былой славы полацкіх асветнікаў і вучоных, які дапамог адрадзіць і вярнуць гэтую славу старажытнаму гораду.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: