
Абодва маіх даўніх харошых знаёмых Спартак Аруцюнян і Армен Сардараў добра вядомыя аматарам беларускага мастацтва; адзін з іх – мастак і скульптар, другі — архітэктар, дэкан архітэктурнага факультэта Беларускага дзяржаўнага палітэхнічнага ўніверсітэта. Так сталася, што не раз сустракаў іх на самых розных выстаўках і іншых імпрэзах, пасяджэннях таварыства Беларусь–Арменія ў Доме дружбы. А з Арменам Сяргеевічам мы нават разам склалі фотаальбом «Маці-зямля».
Для абодвух Беларусь стала другой радзімай, утульным родным домам. І вось новая сумесная праца творцаў, якая запомнілася, як адна з адметных падзеяй нядаўных дзён – помнік маршалу Івану Баграмяну, які ўрачыста адкрыты ў Гарадку, што на Віцебшчыне.
На гэтую падзею прыехалі родныя славутага маршала, які ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі грамадскасці з Мінска і Віцебска, члены армянскай дыяспары ў Беларусі, якія аказалі ў ліку іншых фінансавую дапамогу ў вырабе помніка-бюста.
Як адзначалі выступоўцы, адкрыццё помніка адбылося якраз напярэдадні семдзесят пятай гадавіны вызвалення Гарадоцкага раёна ад фашысцкіх захопнікаў.
Менавіта ў 1943 годзе, калі Іван Хрыстафоравіч Баграмян быў прызначаны камандуючым Першага Прыбалтыйскага фронту, была праведзена так званая Гарадоцкая аперацыя, падчас якой было вызвалена ад акупантаў амаль паўтары тысячы населеных пунктаў, у тым ліку і Гарадоцкага раёна. За беларускую аперацыю Баграмяну было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Увогуле, жыццё гэтага славутага чалавека – яскравы прыклад адданага служэння Радзіме, мужнасці і гераізма.
Скульптура, якую паставілі ў Гарадку, важыць больш двухсот кілаграмаў. Але хіба можна змераць вагу жыццёвага подзвігу вернага сына армянскага народа, значэння яго для маладых пакаленняў! Нездарма падчас адкрыцця помніка было шмат моладзі, якія ведаюць пра ваенныя падзеі толькі з кніг і аповядаў дзядоў і прадзедаў.
Значэнне гэтай падзеі ў Гарадку важна яшчэ і тым, што яно дэманструе лепшыя якасці нашага народа, нашай зямлі, якая стала родным домам для прадстаўнікоў розных народаў і нацыянальнасцяў.
Армянская дыяспара ў Беларусі, да прыкладу, налічвае больш за трыццаць тысяч чалавек. Для большасці яе ўдзельнікаў наша краіна ўжо даўно стала другой радзімай, многія ўжо нарадзіліся тут. Шырока вядомыя імёны опернай спявачкі Гаар Акапян, зорак айчыннай эстрады Іскуі Абалян, Егіязара Фарашана, Стэлы Ваграм Карапецян, кіраўніка ансамбля танца «Эрэбуні» Рузаны Аганесян, мастакоў, вучоных, выдатных працаўнікоў нашых прадпрыемстваў, якія трывала ўпісваюцца ў гісторыю і сённяшні дзень нашай краіны.
У той час, калі ў свеце ў многіх месцах разгараюцца міжнацыянальныя канфлікты, калі нават на дзяржаўным узроўні ў некаторых краінах, бывае, дэманструецца ксенафобія, варажнечасць па нацыянальных і этнічных прынцыпах, міжнацыянальны мір у нас, у Беларусі, трывае, як адна з найвялікшых каштоўнасцяў нашага народа.
Чарговы раз у Гродне напачатку наступнага месяца збяруцца прадстаўнікі нацыянальна-культурных суполак краіны, каб прадэманстраваць сваё мастацтва і традыцыі, якія, безумоўна, узбагачаюць і расцвечваюць нашу агульную культуру, любоў і адданасць роднай Беларусі.
І адкрыццё помніка маршалу Баграмяну ў Гарадку — добры запеў да гэтага прыгожага свята.