Нядаўна ўзгадаўся мне аповед аднаго знаёмага, які расказваў пра свой турыстычны ваяж па Еўропе - яму надта запоўніўся адзін з членаў іх групы - той пры наведванні славутасцяў і слухаючы гіда, увесь час устаўляў словы: “А вось у нас такога няма”. Гэты рэфрэн ён паўтараў і ў крамах, і ў кафэ, куды яны хадзілі харчавацца.
Урэшце ўсім гэта надакучыла, і ныціка паставілі на месца.
Гэта было даўнавата, а вось зусім нядаўна ў інтэрнэце я прачытаў падобнае з допісу аднаго блогера. Маўляў, усё ў нас не так, і нават зорак сваіх няма, і што мы нібыта ўвогуле на задворках - і ў музыцы, і ў спорце, і ў навуцы.
Такі правінцыйны комплекс непаўнавартасці, аказваецца, па-ранейшаму бударажыць душы асобных нашых суайчыннікаў.
А мы, між тым, не тое, што не горш за іншых – няма нам тут патрэбы ні перад кім апраўдвацца, а шмат у чым лепш! Чым ганарымся і перад суседзямі, і ўсім светам. І не толькі нобелеўскай прэміяй.
Вось скажам:
Фізік, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Гапоненка – аўтар сусветна вядомых навуковых работ, па яго падручніку займаюцца студэнты ў Кембрыджы.
Годна заявілі пра сябе і нашу Беларусь Вікторыя Азаранка, Дар’я Домрачава, Аляксей Грышын, Сяргей Мартынаў, Руслан Салей...
А саліст Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Ілья Сільчукоў, які стаў лаўрэатам тэлевізійнага праекта "Вялікая опера", што праводзіў расійскі канал "Культура”. Ён таксама лаўрэат 16 іншых міжнародных конкурсаў.
Мой земляк з Полацка заслужаны артыст Беларусі Ігар Сігоў знаёмы гледачам Расіі і краін СНД па шматлікіх фільмах і папулярных тэлесерыялах.
А юныя Ксенія і Арцём з гурта Навібэнд сёлета ў фінале Еўрабачання заваявалі сімпатыі людзей у многіх краінах.
Хіба гэта не сапраўдныя зоркі?
Нашы юныя музыканты сталі неаднарозывымі лаўрэатамі міжнародных конкурсаў, некаторыя з іх папоўнілі сусветна вядомыя аркестры і музычныя калектывы Еўропы.
А вось нядаўняя інфармацыя з тых жа сетак: “семнаццацігадовы Улад са Слуцка ўразіў амерыканцаў смартфонам новага пакалення, які сам распрацаваў, і атрымаў ужо больш чатырохсот папярэдніх заказаў на яго з усяго свету”.
Выбачаюся за даўгаваты пералік, ды ён мог быць яшчэ даўжэйшым. Гэта гаворыць, што ўласных зорак у самых розных галінах дзейнасці ў нас шмат. Іншая справа, што не заўсёды мы ўмеем цаніць іх і заўважаць. Часам некаторыя з іх, на жаль, становяцца зоркамі за межамі роднай Беларусі.
Наша часам празмерная сціпласць, а то і пэўны нігілізм перашкаджаюць зірнуць на ўласны дом рэальнымі вачыма.
І тут пэўны папрок можна аднесці і да калег-журналістаў, і да таго ж супольніцтва ў сеціве, бо не пыхай, а годнасцю і ўдзячнасцю мы можам і павінны пазіцыяніраваць сябе ў свеце.
Сорамна, але не мы першымі заўважылі нашых вундэркіндаў – васьмігадовую балетную прыму Веру Шпакоўскую і шасцігадовага Ягора Куніцкага – галоўнага знаўцу контурных карт, даследчыка глобуса. А яны ж жывуць разам з бацькамі побач з намі, ходзяць па нашых мінскіх вуліцах.
І цяпер яшчэ можна пачуць і пабачыць у блогах з’едлівыя каментарыі на адрас нашых народных традыцый, мовы, дасягненняў нацыянальнай культуры.
Кожны народ мае, чым ганарыцца, чым можна дзяліцца з суседзямі і ўсім светам. Беларусь у гэтым сэнсе – вельмі добры прыклад для многіх.
Таму адкажу ўсім нябачным апанентам, што свае зоркі ў нас ёсць! І хай іх будзе як мага болей!